Ужываньне ў ежу больш дзьвюх порцый грыбоў у тыдзень можа на 50% зьменшыць рызыку зьніжэньня кагнітыўнай здольнасьці мозгу і дапамагае чалавеку захаваць інтэлект. Пра гэта піша амэрыканскі бізнэс-сайт marketwatch.com
Сэнсацыйныя вынікі
Нядаўна былі падведзеныя вынікі шасьцігадовага дасьледаваньня сярод кітайскіх мужчын і жанчын, старэйшых за 60 гадоў. Як вынікае з апублікаванага ў Journal of Alzheimer’s Disease падсумаваньня, рэгулярнае спажываньне грыбоў істотна скарачае рызыку зьніжэньня разумовых здольнасьцяў пажылых людзей.
Асабліва важна, што грыбы могуць адцягваць наступленьне так званай лёгкай кагнітыўнай недастатковасьці ў сталым веку. Пад такім парушэньнем мэдыкі разумеюць знаёмыя многім праблемы з памяцьцю, мовай, мысьленьнем і ацэнкай падзеяў, уласьцівыя пажылым людзям.
Пад порцыяй грыбоў азіяцкія навукоўцы разумеюць прыблізна тры чвэрці звычайнага кітайскага кубка для супу.
Навукоўцы высьветлілі, што тыя з удзельнікаў дасьледаваньня, што елі адну-дзьве порцыі грыбоў у тыдзень, зьнізілі рызыку наступленьня ўзроставых разумовых праблем на 43%, а тыя, хто спажываў грыбы часьцей — на 52%.
Якія грыбы карысныя
Дасьледчыкі вывучалі ўзьдзеяньне на людзей шасьці відаў грыбоў, у тым ліку, шампіньёнаў, вешанак (студзінаўка позьняя і дрэўнавушка вустрыцавая) і сітаке (лентынуля ядомая). Удзельнікі экспэрымэнту таксама спажывалі сушаныя і кансэрваваныя грыбы.
Агульны вэрдыкт — няма розьніцы паміж сьвежымі грыбамі і апрацаванымі ў той ці іншы спосаб. Таксама важна, што і іншыя грыбы, а ня толькі шэсьць вывучаных відаў, карысныя для здароўя.
Хімічная грыбная таямніца
Прафэсар катэдры псыхіятрыі Нацыянальнага ўнівэрсытэту Сынгапуру Лей Фэн заявіў, што гэтае адкрыцьцё дае шмат надзеі і што ў грыбах утрымліваецца нейкі вельмі важны для здароўя мозгу інгрыдыент.
Навукоўцы пакуль не да канца ўпэўненыя, што гэта за рэчыва, але мяркуюць, што магічнае ўзьдзеяньне грыбоў на мозг зьвязана (прынамсі часткова) з амінакіслатой, якая называецца эргатыянсін. Мяркуецца, што яна валодае антыаксыдантнымі і процізапаленчымі ўласьцівасьцямі.
У кожным выпадку, навукоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што менавіта здаровая ежа разам з фізычнай актыўнасьцю можа захаваць вастрыню розуму на доўгі час.