Міжнародная сьледчая група паведаміла, што падазраваныя ў зьбіцьці самалёта Malaysia Airlines на Данбасе ў 2014 годзе каардынавалі дзеяньні з «кіраўніком» анэксаванага Расеяй Крыму Сяргеем Аксёнавым і памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Ўладзіславам Сурковым.
На прэс-канфэрэнцыі ў Нідэрляндах 19 чэрвеня прадстаўнікі сьледчай групы, у прыватнасьці, агучылі перахопленыя тэлефонныя перамовы падазраванага былога «міністра абароны» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Ігара Гіркіна (Стралкова). Стралкоў праз праз памочніка Аксёнава прасіў ваеннай дапамогі ад расейскай улады, ў тым ліку паветранай падтрымкі, а таксама паставак артылерыі, танкаў і сыстэм супрацьпаветранай абароны разам «са спэцыялістамі».
Пазьней ператэлефанаваў сам Аксёнаў і паабяцаў, што гэтае пытаньне ўжо вырашаецца на найвышэйшым узроўні расейскіх уладаў.
Таксама была агучаная размова «прэм’ер-міністра ДНР» Аляксандра Барадая з Уладзіславам Сурковым, памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Суркоў там кажа, што спрабуе дабіцца ваеннай дапамогі для «ДНР» ад «старшых таварышаў», адказных за «ваенную гісторыю» і што тыя паабяцалі такую дапамогу.
19 чэрвеня 2019 году міжнародная сьледчая група выставіла афіцыйныя абвінавачваньні ў датычнасьці да крушэньня малазійскага «Боінга» ў 2014 годзе на адрас трох расейцаў і аднаго грамадзяніна Ўкраіны. ігурантамі справы сталі былы камандуючы сіламі самаабвешчанай «ДНР» Ігар Стралкоў (сапраўднае прозьвішча Гіркін), яго намесьнік Сяргей Дубінскі (пазыўны Хмуры), намесьнік Дубінскага Алег Пулатаў (Гюрза) і ўкраінец Леанід Харчанка (Крот), якога сэпаратысты называлі камэндантам Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласьці.