Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будучае ізраільскае паселішча на Галянскіх вышынях названае імем Трампа


Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу 16 чэрвеня адкрыў памятны знак на месцы, дзе ў хуткім часе, паводле яго задумы, павінна вырасьці паселішча, названае «Трампавы вышыні».

Новы горад зьявіцца на акупаваных Ізраілем Галянскіх вышынях. Гэтая тэрыторыя ў сакавіку 2019 году была афіцыйна прызнаная Дональдам Трампам як сувэрэнная тэрыторыя Ізраілю. Заснаваньне Трампавых вышынь — яшчэ адзін знак росквіту ізраільска-амэрыканскіх адносінаў, адзначаецца ў публікацыі The Washington Post.

Галянскія вышыні ўяўляюць сабой горнае плато вульканічнага паходжаньня, якое распасьціраецца на ўсход ад Тывэрыядзкага возера і даліны Хула, і далей, углыб Сырыі. Гэта спрэчная тэрыторыя, на якую прэтэндуюць Сырыя і Ізраіль. Да 1967 году яны былі часткай Сырыі, аднак у ходзе Шасьцідзённай вайны ў 1967 годзе дзьве траціны вышыняў былі занятыя Ізраілем. Плошча занятай Ізраілем тэрыторыі — каля 1150 квадратных кілямэтраў пры даўжыні 60 км і сярэдняй шырыні 25 км.

У 1981 годзе парлямэнт Ізраілю прыняў закон аб тым, што гэтая тэрыторыя зьяўляецца ізраільскай. Але Рада бясьпекі ААН не прызнала гэтага рашэньня, а ААН неаднаразова называла анэксію Галянскіх вышынь незаконнай і заклікала Ізраіль вярнуць тэрыторыю Сырыі. Не прызнаюць сувэрэнітэту Ізраілю над Галянах і большасьць дзяржаваў сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG