Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты ўхвалілі ўзмацненьне адказнасьці за экстрэмізм і прапаганду нацызму


13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла законапраект аб узмацненьні барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму.

Ён прадугледжвае крымінальную адказнасьць за рэабілітацыю нацызму, адміністрацыйную — за захоўваньне або набыцьцё з мэтай распаўсюду нацысцкай, экстрэмісцкай і тэрарыстычнай сымболікі і атрыбутыкі.

Законапраект уносіць дапаўненьні у арт. 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці». У назву будзе ўнесеная таксама «рэабілітацыя нацызму». Цяпер за «наўмысныя дзеяньні ў рэабілітацыі нацызму» будзе пагражаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі, як і за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці».

У артыкул 17.10 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях нароўні з «прапагандай, публічнай дэманстрацыяй, вырабам і распаўсюдам нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі» ўвядуць адказнасьць і за тыя ж дзеяньні з сымболікай і атрыбутыкай «экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый». За захоўваньне або набыцьцё ў мэтах распаўсюду такой сымболікі і атрыбутыкі будуць караць.

Таксама ўводзіцца адказнасьць за паўторныя парушэньні на працягу году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня.

Беларускія праваабаронцы занепакоеныя тым, што барацьбой з экстрэмізмам улады часта прыкрываюць парушэньне фундамэнтальных свабод і правоў чалавека.

Паводле праваабаронцаў, у Беларусі вырасла і колькасьць прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў: вядома пра 17 такіх спраў за апошнія два гады. Напрыклад, нядаўна стала вядома аб прызнаньні экстрэмісцкім аднаго з апавяданьняў Славаміра Адамовіча.

Праваабаронцы прааналізавалі Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў (РСЭМ), які складаецца з 2008 году, і адначаюць, што за гэты час назіраліся наступныя тэндэнцыі:

  • да 2008 году ў сьпіс траплялі выключна матэрыялы «апазыцыйнай і прабеларускай скіраванасьці», якія дзяржава лічыла неадпаведным афіцыйнай ідэалёгіі;
  • у 2010-м сьпіс не папаўняўся. Тады назіраўся кароткі пэрыяд «лібэралізацыі», які прыпаў на час паляпшэньня стасункаў з Захадам;
  • 2011 год — заканчэньне «адлігі». Закрыцьцё «Аўтарадыё» за разьмяшчэньне перадвыбарчых матэрыялаў кандыдатаў на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева, якія прызналі «заклікамі да экстрэмізму»;
  • 2012 год — упершыню прызналі экстрэмісцкай рэлігійную літаратуру;
  • з 2016 году рэзкі рост прызнаньня экстрэмісцкімі матэрыялаў, разьмешчаных у інтэрнэце. Сярод іх значная частка з антырасейскім кантэнтам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG