Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паляцеў у Бішкек назіраць за самітам ШАС


Лідэры дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва
Лідэры дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Аляксандар Лукашэнка накіраваўся зь візытам у Кіргізстан, дзе возьме ўдзел у паседжаньні Рады кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Беларусь мае ў арганізацыі статус дзяржавы-назіральніцы.

Як паведамляе БелТА, Лукашэнка падчас выступу акрэсьліць пазыцыю Беларусі да пашырэньня супрацы ў рамках гэтага інтэграцыйнага аб’яднаньня.

Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц ШАС пачнецца ў Бішкеку 14 чэрвеня ў закрытым рэжыме. Плянуецца абмеркаваць пытаньні бясьпекі, супрацьдзеяньня тэрарызму і наркатрафіку, разьвіцьця эканомікі і прамысловасьці.

Затым удзельнікі саміту зьбяруцца ў пашыраным складзе з удзелам кіраўнікоў дэлегацый краін-назіральніц. Чакаецца, што па выніках лідэры ШАС падпішуць Бішкецкую дэклярацыю, у якой будзе выкладзена пазыцыя бакоў адносна далейшага пашырэньня арганізацыі.

А ўвечары 13 чэрвеня ў Бішкеку заплянаваная нефармальная вячэра ад імя прэзыдэнта Кіргізстану.

Лукашэнка ў кулюарах ШАС, архіўнае фота
Лукашэнка ў кулюарах ШАС, архіўнае фота

Рашэньне аб падвышэнні статусу Беларусі ў ШАС да назіральніка прынята ў ліпені 2015 году на саміце кіраўнікоў дзяржаў ва Ўфе. Цікавасьць беларускага боку ў рамках арганізацыі ўяўляе разьвіцьцё агульнай транспартнай прасторы — найперш міжнародныя аўтамабільныя і чыгуначныя перавозкі.

ШАС — міжурадавая міжнародная арганізацыя, заснаваная 15 чэрвеня 2001 году ў Шанхаі. Асноўнымі мэтамі дэкляраваны ўмацаваньне ўзаемнага даверу і добрасуседзтва паміж краінамі-ўдзельніцамі і садзейнічаньне іх эфэктыўнаму супрацоўніцтву ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах. Чальцамі ШАС зьяўляюцца Індыя, Казахстан, КНР, Кіргізстан, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан.

Беларусь разам з Аўганістанам, Іранам і Манголіяй маюць статус дзяржаў-назіральніц. Яшчэ шэсьць краін — Азэрбайджан, Армэнія, Камбоджа, Нэпал, Турэччына і Шры-Лянка — застаюцца партнэрамі па дыялёгу ШАС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG