Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек-скандал. Што здарылася падчас справаздачы Шуневіча Лукашэнку


Ігар Шуневіч (у цэнтры) на закрыцьці мотасэзону, 15 верасьня 2018
Ігар Шуневіч (у цэнтры) на закрыцьці мотасэзону, 15 верасьня 2018

Тое, чаго беларуская палітызаваная публіка чакала даўно, нарэшце здарылася. Пра Ігара Шуневіча можна сказаць, што гэта чалавек-скандал. І сама ягоная адстаўка аказалася скандальнай.

Сьцісла:

  • Апошнія гады дзейнасьці МУС спадарожнічалі пастаянныя непрыемныя гісторыі.
  • Але доўгі час міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч здаваўся незаменным.
  • Бо МУС зацята бараніла існы палітычны рэжым ад палітычных апанэнтаў.
  • Адстаўка Шуневіча не плянавалася. Але падчас справаздачы міністра здарылася нешта нечаканае, што падштурхнула Лукашэнку да радыкальнага кадравага рашэньня.

Здавалася, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч — чалавек незаменны. Амаль кожны месяц з МУС ці зь ягонымі супрацоўнікамі здараліся скандалы. І гэта ня толькі відэасюжэты ў інтэрнэце зь міліцыянтамі, якія б’юць людзей.

Тое, што справы ў МУС зусім дрэнныя, неаднаразова прызнаваў і сам міністар. Напрыклад, 1 сьнежня 2016 году Шуневіч у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў, што «ў гэтым годзе супраць супрацоўнікаў міліцыі было распачата 123 крымінальныя справы» (!). 31 траўня 2017 году міністар паведаміў журналістам, што МУС кожны тыдзень выяўляе тых, хто парушае прафэсійную дысцыпліну.

«Мы кожны тыдзень, у асноўным па выходных, праводзім рэйды па праверцы паводзін супрацоўнікаў міліцыі. І практычна кожны раз знаходзім тых, хто паводзіць сябе некарэктна», — казаў Шуневіч.

То бок, нават паводле прызнаньняў міністра, МУС — арганізацыя незаконапаслухмяная і нават крымінагенная. Орган, якія павінен стаяць на абароне закону, аказваецца яго парушальнікам. Ягонае далейшае існаваньне зрабілася проста небясьпечным для соцыюму. У нармальнай краіне МУС трэба было б неадкладна распусьціць і абвясьціць новы набор у міліцыю пад грамадзянскім кантролем. А міністар даўно павінен быў бы з ганьбай пайсьці ў адстаўку.

Аднак зь міністра — як з гусі вада. Яму даравалася ўсё. Нават тая трагікамічная гісторыя, калі з сэйфа міністэрства скралі 270 тысяч даляраў. А сэрыял з скульптурай «Мінскі гарадавы» стаў часткай беларускага палітычнага фальклёру.

Міністар Шуневіч і скульптура гарадавому ў Менску
Міністар Шуневіч і скульптура гарадавому ў Менску

Моцна ўдарыла па іміджы МУС і яго кіраўніка трагічная гісторыя гібелі супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгена Патаповіча і «цыганскі пагром», учынены міліцыяй. У выніку кіраўніцы Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай давялося ехаць у Магілёў і выбачацца перад цыганамі — нечуваная справа для Беларусі.

Непатапляльнасьць Шуневіча тлумачылася вельмі проста. Ня толькі тым, што міліцыянты жорстка сябе паводзяць у адносінах з апазыцыяй. Шуневіч імкнуўся бегчы паперадзе паравоза, угадваць нявыказаныя памкненьні і мары Лукашэнкі. Адна толькі зацятая барацьба зь вясёлкавым сьцягам над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску чаго вартая.

Думаю, непапулярнасьць МУС і яго кіраўніцтва сярод насельніцтва нават выгадная Лукашэнку. Паводле аўтарытарнай лёгікі, калі народ ненавідзіць міліцыю, то апошняя будзе больш заўзята бараніць існуючы рэжым і яго кіраўніка. Бо варта толькі крыху паставіць пад сумнеў неабмежаванае права міліцыянтаў жорстка душыць усіх, незалежна ад вінаватасьці, то аўтарытарная мадэль пачне падточвацца. Таму спрацоўвае інстынкт самазахаваньня сыстэмы.

Як Шуневіч сыходзіў у адстаўку

Але тое, што адбылося сёньня, — гэта, як мне падаецца, працяг скандалу з элемэнтамі дэтэктыву. Глядзіце самі.

У 11.15 на сайце БелТА зьяўляецца паведамленьне, што Лукашэнка прымае Шуневіча і ставіць перад ім задачы, як павінна працаваць МУС падчас ІІ Эўрапейскіх гульняў. Падрабязна даводзіць, што варта рабіць, а што не. Шуневіч спакойна дакладае. Потым абмеркавалі пытаньне пра справы з хакейным клюбам «Дынама-Мінск», дзе міністар унутраных спраў традыцыйна старшынюе ў назіральнай радзе. Потым Шуневіч апавядае, што крыніцы ўцечкі інфармацыі ў МУС устаноўленыя, датычныя да гэтага супрацоўнікі будуць звольненыя. Усё нібыта спакойна, рутынна.

І раптам у 14.22 БелТА паведамляе, што акурат падчас гэтай размовы, якая зацягнулася на тры гадзіны, Шуневіч падае рапарт аб адстаўцы і Лукашэнка яго прымае.

Аляксандар Лукашэнка і міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, 10 чэрвеня 2019
Аляксандар Лукашэнка і міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, 10 чэрвеня 2019

То бок, відавочна, адстаўка міністра не плянавалася. Бо навошта было ставіць задачы перад міністрам, якога кіраўнік дзяржавы зьбіраўся звольніць?

Нешта нечаканае здарылася ўжо падчас справаздачы Шуневіча, што падштурхнула Лукашэнку да радыкальнага кадравага рашэньня. І гэта напярэдадні Эўрапейскіх гульняў, падчас якіх парадак, бясьпека ляжыць на плячах міліцыі. У такі час рабіць радыкальныя перамены ў кіраўніцтве МУС, здавалася б, не выпадае.

Што там здарылася падчас справаздачы міністра — загадка. Магчыма, пра яе таямніцу паведаміць сам Лукашэнка, ён гэта часам робіць.

А падводзячы вынікі міліцэйскай кар’еры Ігара Шуневіча, можна сказаць, што гэта чалавек-скандал. Усёй ягонай дзейнасьці на пасадзе міністра спадарожнічалі нейкія непрыемныя гісторыі, дый сама адстаўка аказалася скандальнай. Але, магчыма, тут справа не ў асобе міністра, а ў прыродзе самога беларускага палітычнага рэжыму, у рамках якога міліцэйскае ведамства знаходзіцца па-за кантролем грамадзтва.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG