Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага журналіста Галунова прывезьлі ў лякарню, сьледзтва хоча працягнуць затрыманьне да 72 гадзін


Затрыманага ў Маскве паводле падазрэньня ў спробе збыць наркотыкі журналіста выданьня «Медуза» Івана Галунова, як паведамілі ў МУС Расеі, прывезьлі на абсьледаваньне ў 71-ю лякарню.​

Журналіста зьбілі?

Раней лекары брыгады хуткай дапамогі, як паведамілі адвакаты журналіста, дыягнаставалі ў яго пералом рэбраў і сатрасеньне мозгу.

Пры гэтым, паводле слоў адваката Паўла Чыкава, начальнік сьледчай часткі Яўгеній Машын адмаўляўся пускаць да Галунова брыгаду хуткай дапамогі.

Адвакат Дзьмітрый Джулай таксама паведаміў, што сьледзтва будзе прасіць суд падоўжыць тэрмін папярэдняга затрыманьня карэспандэнта на 72 гадзіны.

Раней меркавалася, што на сёньняшнім пасяджэньні Нікулінскага суду на паўднёвым захадзе Масквы сьледзтва запатрабуе арыштаваць Галунова.

Затрыманьні каля суду

Тым часам, тры ўдзельнікі сэрыі адзіночных пікетаў у падтрымку журналіста «Медузы» былі затрыманыя каля будынка Нікулінскага суду. Гэта супрацоўнікі выданьня «Такие дела» галоўны рэдактар выданьня Анастасія Лотарава, журналіст Сяргей Карпаў і ілюстратар Аляксандра Чугорына.

Пасьля затрыманьняў супрацоўнікі паліцыі адціснулі удзельнікаў пратэстаў ад будынка. Удзельнікі пікетаваньня сабраліся праз дарогу ад суду, дзе сабралася ня менш як сто чалавек. Сярод іх шмат калегаў Галунова.

Кіраўнік Міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў нагадаў, што «48 гадзін з моманту фактычнага затрыманьня Івана Галунова скончыліся».

Што Івану Галунову інкрымінуюць

Раней ён паведаміў, што Галунову выставілі абвінавачаньне ў спробе збыту наркотыкаў у буйным памеры. Чыкаў апублікаваў тэкст пастановы аб прыцягненьні Галунова ў якасьці абвінавачанага. У пастанове гаворыцца, што Галуноў купіў два скруткі з 3,56 г мэфэдрону і тры скруткі з 5,42 г какаіну. Паводле вэрсіі паліцыі, какаін журналіст захоўваў дома, а мэфэдрон насіў з сабой у заплечніку, каб потым прадаць. З гэтымі скруткамі, сьцьвярджаюць паліцыянты, яго і затрымалі днём 6 чэрвеня.

Адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу Расеі прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў.

У «Медузе» Іван Галуноў пісаў аб дзяржаўных закупках у маскоўскай мэрыі, апублікаваўшы шэраг рэзанансных расьсьледаваньняў. Да гэтага ён працаваў у РБК і на тэлеканале «Дождь» у праграмах Леаніда Парфёнава і Ксеніі Сабчак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG