Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа быць адкрытай інфармацыя пра АЭС у закрытай дзяржаве?


Архіўнае фота. Будоўля Беларускай АЭС у Астраўцы, 12 кастрычніка 2017 году
Архіўнае фота. Будоўля Беларускай АЭС у Астраўцы, 12 кастрычніка 2017 году

Бурная, у асноўным нэгатыўная рэакцыя на пост у Facebook прэс-сакратара Міністэрства надзвычайных сытуацый (МНС) Віталя Навіцкага (за дзень ён сабраў больш як тры сотні камэнтароў) вельмі зразумелая. Яе было лёгка спрагназаваць з шэрагу прычын.

Сьцісла:

  • Рэакцыя на пост выявіла суцэльны недавер насельніцтва да ўлады.
  • Любая дыктатура — гэта таямніца.
  • Падзеньне корпусу рэактара на Астравецкай АЭС у 2016 годзе ўлады хавалі два тыдні.
  • Тэма АЭС для беларускага грамадзтва асабліва балючая.

Супрацоўнік МНС заклікаў «не перабольшваць» небясьпеку БелАЭС і абурыўся, што некаторыя несьвядомыя беларусы ня вераць уладам, падазраюць іх у магчымым утойваньні інфармацыі пра аварыю на атамнай станцыі, калі такое, барані Бог, здарыцца.

Зразумела, гучная рэакцыя ў значнай ступені выкліканая агрэсіўным тонам сп. Навіцкага. Мусіць, прэс-сакратар МНС шчыры ў сваім неразуменьні беларускай публікі, якая актыўнічае ў сацыяльных сетках. Гэта ня дзіва. Бо даўно заўважана, што беларускія служывыя людзі і шараговыя грамадзяне жывуць у розных краінах і нават на розных плянэтах, існуюць у вельмі адрозных сыстэмах каардынат, размаўляюць на розных мовах. Ва ўмовах адсутнасьці зваротнай сувязі паміж уладай і грамадзтвам гэта непазьбежна.

У гэтай рэакцыі фэйсбучнай супольнасьці на пост Віталя Навіцкага выявіўся вельмі відавочны сацыяльна-палітычны трэнд. Ён палягае ў амаль суцэльным недаверы насельніцтва да ўлады. Незалежна ад таго, якія крокі ці дзеяньні робяць чыноўнікі. Нават калі абвяшчаюць пра падвышэньне заробкаў і пэнсій, усё роўна нэгатыўныя камэнтары будуць пераважаць. Гэтая тэндэнцыя ня толькі ўласна беларуская. Але тут яна выяўляецца найбольш заўважна. Магчыма, таму, што зьедлівы камэнтар — гэта адзіны спосаб, умоўна кажучы, «удзелу» беларусаў у палітыцы ці «ўплыву» на грамадзка-палітычныя працэсы. Ні выбіраць, ні патрабаваць справаздачы, ні адправіць у адстаўку дрэннага чыноўніка людзі ня могуць. Застаецца адзіная аддушына — інтэрнэт.

Цяпер пра ўтойваньне інфармацыі. Справа ў тым, што любая дыктатура — гэта таямніца. Сакрэтнасьць — іх родавая якасьць. Гэта дэмакратыя можа быць празрыстай. Дыктатарскія мэтады кіраваньня — непрыгожая рэч па самой сваёй прыродзе. Таму аўтарытарызм трэба ўсяляк хаваць. Невыпадкова любая дыктатура маскіруецца пад дэмакратыю.

Таму ў Беларусі, як некалі ў СССР, улада імкнецца максымальна засакрэціць свой дзяржапарат. Дзяржаўнай таямніцай зьяўляецца ўсё: даходы ад экспарту зброі, колькасьць выбаршчыкаў у краіне і на кожным выбарчым участку, бюджэт Эўрапейскіх гульняў і інш. Дарэчы камэнтатары да посту сп. Навіцкага прыводзяць шматлікія прыклады хаваньня інфармацыі, асабліва ў сфэры экалёгіі. Некалькі дзясяткаў дзяржаўных установаў, у тым ліку Міністэрства культуры, маюць права абвяшчаць свае дакумэнты дзяржаўным сакрэтам. Чыноўнікі даюць камэнтары СМІ толькі з дазволу начальніка, патрабуюць ад журналіста пісьмовага звароту. Рэгулярна праводзяцца закрытыя суды, напрыклад, калі судзяць высокапастаўленых карупцыянэраў. Ужо ня кажучы аб інфармацыі пра здароўе кіраўніка дзяржавы.

Дарэчы, пра АЭС. Калі ў 2016 годзе ўпаў і быў пашкоджаны корпус рэактара, расейская кампанія «Атамбудэкспарт», генэральны падрадчык, які будуе Астравецкую атамную электрастанцыю, выступіла з заявай, што «інфармацыя аб надзвычайным здарэньні на будоўлі ў Астраўцы Беларускай АЭС не адпавядае рэчаіснасьці». І толькі праз два тыдні, калі ўжо літоўцы забілі трывогу, улады вымушаныя былі прызнаць факт аварыі.​

А тэма АЭС для беларускага грамадзтва асабліва балючая. Рашэньне аб яе будаўніцтве было прынята без аніякага абмеркаваньня. У дзяржаве, дзе грамадзкага дыялёгу няма як зьявы, па-іншаму і быць не магло.

Чарнобыльская катастрофа стала адным з важных чыньнікаў, які пахаваў савецкі лад. У БССР кампартыя страціла, а БНФ набраў палітычныя ачкі менавіта на тэме наступстваў той страшнай аварыі. Вельмі верагодна, што і цяпер гэтая няшчасная АЭС стане той саломінкай, якая пераломіць горб беларускага аўтарытарнага вярблюда. Нават калі з гледзішча экалёгіі ўсё будзе ў межах нормы, АЭС яшчэ да пачатку сваёй працы стварае столькі праблемаў (вялізны доўг Расеі, няма куды падзець электраэнэргію), што хутка стане галоўнай праблемай краіны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG