У сярэдзіне сакавіка ў продажы зьявілася марозіва «Валошка» кампаніі «Белы полюс» — з сапраўднымі кветкамі валошкі ў складзе. Марозіва зрабілі з разьліку на турыстаў, на зваротным боку этыкеткі разьмясьцілі беларуска-ангельскі «слоўнічак», у якім была ў тым ліку фраза «Жыве Беларусь».
Пасьля некалькіх дзён марозіва зьнікла з продажу шмат у якіх крамах. Павал Белавус — дырэктар крамы Symbal.by, якая была партнэрам запуску новага марозіва — сьцьвярджаў, што гэта зьвязана з фразай «Жыве Беларусь» і скаргамі зь дзяржаўных органаў.
«Белы полюс» у сваю чаргу сьцьвярджаў, што скаргаў на надпісы не паступала, і анансаваў, што надпісы зьменяцца, бо так было задумана ад пачатку: агулам цягам лета на пакунку прадугледзелі 30 розных надпісаў, «па адным на кожны дзень бязьвізу».
Сапраўды, у чэрвені на марозіве ня проста зьнікнуў надпіс «Жыве Беларусь», а цалкам памяняліся фразы ў «слоўнічку». Яны па-ранейшаму напісаныя беларускай лацінкай і перакладзеныя (не даслоўна, а з жартамі) на ангельскую мову. Цяпер турыстаў вучаць казаць:
- «Як дабрацца да Камароўкі?» (каб знайсьці найлешую бульбу для дранікаў);
- «Дзе можна засэлфіцца з зубрам?» (калі стаміліся ад сталіцы);
- «Падкіньце да Менск-Арэны» (каб пабачыць найлепшы Лядовы палац);
- «Хай будзе так» (у спрэчцы з упартай асобай);
- «Марозіва з валошкамі, калі ласка» (у краме).
Пярэдні бок этыкеткі не зьмяніўся.