Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магілёўсаюздрук» не зьбіраецца здымаць з продажу кнігу «Спецоперация Крым-2014»


Самой кнігі прадаўцы дзяржаўнай кнігарні «Мысль» не чыталі, проста выставілі на продаж і не зьбіраюцца ў ёй шукаць зьвестак, якія супярэчылі б афіцыйнай пазыцыі Беларусі.

Акцыянэрнае таварыства «Магілёўсаюздрук» ня будзе здымаць з продажу кнігу вайсковага аглядальніка Віктара Баранца «Спецоперация Крым-2014».

Таксама прадпрыемства не зьбіраецца высьвятляць, ці ёсьць у выданьні зьвесткі, якія супярэчаць афіцыйнай пазыцыі Беларусі наконт Крыму.

Гэта вынікае з камэнтару Свабодзе намесьніка дырэктара ў ідэалягічнай працы, эканоміцы і фінансах Юрыя Мышэйкі.

Ідэоляг «Магілёўсаюздруку»: «Мы толькі прадаём кнігу».

Мышэнка кажа, што кніга Баранца ў Магілёве прадаецца ў адзіным экзэмпляры і будзе заставацца ў продажы, пакуль яе ня купяць.

«Мы толькі прадаём кнігу, а гэтыя пытаньні не да нас. Я намесьнік па ідэалёгіі магілёўскага „Саюздруку“, а не Рэспублікі Беларусь», — адрэагаваў Мышэйка на пытаньне Свабоды аб экспэртнай ацэнцы выданьня на наяўнасьць у ім зьвестак, якія супярэчаць афіцыйнай пазыцыі Беларусі наконт Крыму.

Між тым сайце акцыянэрнага таварыства пазначана, што «Магілёўсаюздрук» удзяляе вялікую ўвагу палітычнаму выхаваньню насельніцтва як моцнаму інструмэнту ідэалягічнай працы.

Зьмест кнігі ацэнены па анатацыі

У магілёўскай кнігарні «Мысль» адзіная кніга «Спецоперация Крым-2014» выстаўлена побач з творамі беларускіх пісьменьнікаў, сярод якіх Васіль Быкаў.

У гандлёвым аддзеле «Магілёўсаюздруку» продаж кнігі аргумэнтавалі тым, што ў ёй аўтар не сьцьвярджае пра ўваходжаньне Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Такая выснова зроблена з анатацыі. Самой кніжкі гандляры не чыталі.

Што вядома пра аўтара

Віктар Баранец
Віктар Баранец

Ідэю напісаньня кнігі «Спецоперация Крым-2014» Віктару Баранцу падказаў міністар абароны Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Шайгу. Аўтар меў магчымасьць зьбіраць матэрыял для кнігі ў Міністэрстве абароны, Генштабе, а таксама ў Крыме і вайсковых частках, якія ўдзельнічалі ў яго захопе. У анатацыі згадваюцца «вежливые человечки», якія, паводле Баранца, адыгралі «гістарычную ролю ў вяртаньні Крыму».

Віктар Баранец быў двойчы даверанай асобай Уладзімера Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах. Адыгрываў актыўную ролю ў агітацыйнай кампаніі Пуціна. Баранец — сябра грамадзкіх саветаў пры Міністэрстве абароны і Ваенна-прамысловай камісіі Расеі. Нарадзіўся ва Ўкраіне, у Харкаве. Вайсковы аглядальнік газэты «Комсомольская правда». Палкоўнік у адстаўцы.

Ягоная кніга пра захоп Крыму выдадзеная накладам у 4 тысячы ў падарункавым фармаце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG