Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей заявіў, што Расея ня супраць удзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве»


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей перад пачаткам сэмінару, прысьвечанага 10-годзьдзю праграмы Эўразьвязу «Усходняе партнэрства», расказаў пра посьпехі і праблемы гэтага праекту.

Паводле яго, апошнім часам у Маскве нарэшце зьявілася разуменьне таго, што праграма, у якой удзельнічае ў тым ліку Беларусь, не скіраваная супраць Расеі.

«Гэта выразна адчувалася падчас апошняй сустрэчы з маім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым, — адзначыў Уладзімер Макей. — Ён добра разумее, што краіны Эўразьвязу па велічыні зьяўляюцца для Беларусі другім гандлёвым партнэрам пасьля Расеі. Ігнараваць гэты факт мы ня можам».

Што тычыцца самой праграмы «Ўсходняе партнэрства», 10-гадовы юбілей якой адзначаецца сёлета, то Ўладзімер Макей лічыць, што яна прайшла эвалюцыйны шлях; стала больш праектаў, у якіх зацікаўленая Беларусь.

«З самага пачатку Беларусь акрэсьліла сваю пазыцыю ў тым, што праграма мае прыносіць канкрэтныя вынікі, — сказаў кіраўнік беларускага МЗС. — Гэтыя вынікі апошнім часам зьяўляюцца. Вядома, нам хацелася б, каб іх было яшчэ больш, але пакуль маем тое, што маем».

Уладзімер Макей закрануў тэму перамоваў, якія вядуцца паміж рабочымі групамі Беларусі і Расеі ў пытаньні інтэнсыфікацыі працы ў рамках так званай саюзнай дзяржавы. Ён сказаў, што цяпер экспэрты занятыя вызначэньнем тых сфэраў, у якіх супраца магла б быць больш эфэктыўнай.

Адказваючы на пытаньне, ці не рызыкуе актыўнасьць Масквы паўплываць на тое, што Беларусь цалкам ці часткова страціць свой сувэрэнітэт, Уладзімер Макей спаслаўся на прамову Аляксандра Лукашэнкі падчас звароту да парлямэнту Беларусі.

Тады Лукашэнка заявіў, што пра адмову ад сувэрэнітэту ня можа быць і гаворкі. Гэтага правіла мы трымаемся заўсёды, падсумаваў міністар замежных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG