Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актыўныя заўзятары былых «Крумкачоў» абвясьцілі байкот рэінкарнаванаму НФК


Частка заўзятараў футбольнага клюбу НФК, спадкаемца «Крумкачоў», заявіла пра байкот матчаў з удзелам каманды, якая выступае ў першай лізе чэмпіянату Беларусі.

Прычынай такога кроку яны называюць неабгрунтаванае, зь іх гледзішча, звальненьне галоўнага трэнэра Аляксея Кучука і адхіленьне ад клюбных спраў аднаго з заснавальнікаў каманды Дзяніса Шунто.

Фанатаў не задавальняе закрытасьць цяперашняга кіраўніцтва, якое абвяшчае свае рашэньні ў фармаце канстатацыі факту, ігнаруючы голас народу. Гучала, што канструкцыя, якая дагэтуль трымалася на ўзаемным даверы кіраўніцтва і заўзятараў, абрынулася з дачаснай сьмерцю Юрыя Блінова — вядомага музыкі і сузаснавальніка НФК, які ўтрымліваў раўнавагу паміж усімі бакамі.

Дзяніс Шунто (крайні справа) на сустрэчы з заўзятарамі
Дзяніс Шунто (крайні справа) на сустрэчы з заўзятарамі

Некалькі дзясяткаў чалавек позна ўвечары 2 чэрвеня пасьля сустрэчы паміж НФК і «Баранавічамі» запатрабавалі справаздачы пра клюбную палітыку ад дырэктарату, а таксама выслухалі Аляксея Кучука і Дзяніса Шунто. Сярод іншага заўзятараў цікавіла, што робіцца дзеля таго, каб вярнуць назву «Крумкачы», якая ў свой час і зьяднала людзей розных поглядаў.

Заўзятары: Наша назва — «Крумкачы», гонар трэба зьберагчы!

Менскія «Крумкачы» сталі галоўнымі ньюсмэйкерамі 2016 году, калі заваявалі права выступаць у найвышэйшай лізе першынства Беларусі. Дагэтуль яны пасьлядоўна скарылі ўсе прыступкі падвышэньня ў клясе — аматарскую другую і паўпрафэсійную першую лігі. Нават далёкіх ад футболу людзей вабіў моўны і нацыянальны складнік, на якім грунтавалася камандная ідэя.

«Крумкачы» (у чорным) на полі, 2016 год
«Крумкачы» (у чорным) на полі, 2016 год

«Крумкачы» аказаліся адзінымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі, неўзабаве паўсталі фінансавыя праблемы. Даўгі назапашваліся, і летась Беларуская фэдэрацыя футболу (БФФ) адмовіла Шунто і кампаніі ў ліцэнзіі за «сыстэматычныя парушэньні» рэглямэнту. З найвышэйшай лігай давялося разьвітацца. Пасьля зьмены заснавальніка каманда пад мадыфікаванай назвай «НФК Крумкачы» заявілася ў другую лігу і за сэзон атрымала падвышэньне ў рангу.

Але легалізавацца ў першай лізе, дзе патрабаваньні больш жорсткія, аказалася ня так проста: у фэдэрацыі заявілі, што клюб з такой назвай ужо існуе. Зноў давялося мяняць шыльду, спыніліся на НФК — «Незвычайна фантастычная каманда». Увесь гэты час, нягледзячы на больш прывабныя прапановы, з камандай быў галоўны трэнэр Аляксей Кучук. У якасьці кансультанта на бясплатнай аснове побач заставаўся і Дзяніс Шунто, хоць юрыдычна да новага праекту дачыненьня ня меў.

Тыдзень таму назіральная рада НФК адхіліла галоўнага трэнэра за «нездавальняючыя вынікі» (тры паразы ў шасьці гульнях) і нізкае месца ў турнірнай табліцы (10-е з агульных 15-ці, хоць пляны будаваліся на вяртаньне ў эліту). На знак салідарнасьці з апальным спэцыялістам распалажэньне каманды пакінулі некалькі вядучых гульцоў, адмовіўся быць кансультантам і Дзяніс Шунто. Заўзятары, якія дагэтуль удзельнічалі ў абмеркаваньні клюбнага жыцьця, пра рашэньне даведаліся постфактум і падчас учорашняга матчу адрэагавалі барабаннай крычэлкай:

«Наша назва — „Крумкачы“!
Гонар трэба зьберагчы!
Без душы футбол — нішто!
Як і клюб наш без Шунто!»

Крычэлка заўзятараў у падтрымку Дзяніса Шунто
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:14 0:00

Таксама ультрас падтрымалі звольненых трэнэраў Аляксея Кучука, Аляксандра Лукаша, Сяргея Гігевіча, Паўла Валчэцкага, былых гульцоў Паўла Пласконнага, Дзьмітрыя Пархачова і брамніка-спортдырэктара Антона Шунто (брат Дзяніса Шунто).

Шунто: Пяць месяцаў выціскалі, нарэшце атрымалася

Брэнд «Крумкачы» па-ранейшаму належыць Дзянісу Шунто — разам зь вялікімі даўгамі, якія засталіся ад часу знаходжаньня ў найвышэйшай лізе. Запэўнівае, што калі абноўленае кіраўніцтва каманды гатовае да «рэінкарнацыі», без пытаньняў дасьць дазвол на яго выкарыстаньне. Але ў агляднай будучыні такая пэрспэктыва выглядае маларэальнай: пакуль старыя «Крумкачы» не расплацяцца з крэдыторамі, пра вяртаньне імя размовы дачасныя.

Каманда НФК на правым баку поля
Каманда НФК на правым баку поля

«Я гатовы, каб праца разьвівалася нават без майго ўдзелу, але сёньня ім „Крумкачы“ непатрэбныя, — сказаў Дзяніс падчас сустрэчы з заўзятарамі. — Летась у сьнежні, калі вырашалася пытаньне з НФК, у фэдэрацыі сказалі адкрытым тэкстам: ліцэнзія будзе, калі пазбавіцеся ад Шунто. Пяць месяцаў выжывалі, вось нарэшце выціснулі. Ведаючы плян разьвіцьця клюбу, а таксама тое, што гэтыя людзі шчыльна зьвязаныя з БФФ, магу сказаць: „Крумкачы“ папярок горла і клюбнаму кіраўніцтву, і футбольным функцыянэрам».

Дзяніс Шунто кажа, што зьбіраўся адысьці ад спраў яшчэ ў канцы мінулага году, калі «Крумкачоў» не дапусьцілі да працэдуры ліцэнзаваньня. Стрымала, што галоўны спонсар НФК, бізнэсовец Андрэй Касьцевіч, яму асабіста паабяцаў: няважна, у якой лізе каманда будзе гуляць ён, зробіць усё дзеля вяртаньня старой назвы. Аднак актыўнасьці ў гэтым пытаньні не назіраецца — як і разуменьня таго, на якой падставе прымаюцца рашэньні аб звальненьні ці прызначэньні новых кадраў на трэнэрскія пасады.

Заўзятары розных узростаў
Заўзятары розных узростаў

​Касьцевіч: Усё вернецца, як толькі зьявіцца юрыдычная падстава

Андрэй Касьцевіч — топ-мэнэджэр групы кампаній ASBISC Enterprises Ltd, якая займаецца дыстрыбуцыяй кампутарных камплектуючых і праграмнага забесьпячэньня па ўсім сьвеце. Прызнае, што раскол паміж колішнімі заснавальнікамі не спрыяе дасягненьню кампрамісу, але ад сваіх абяцаньняў ён не адмаўляецца.

«Ёсьць структура клюбу: заснавальнікі і апякунская рада, — тлумачыць інвэстар. — Каб у нешта трансфармавацца, трэба мяняць статут. Але тут складанасьці: ня стала Юры Блінова, ягоная доля пакуль замарожаная. Затое маем раскол сярод заснавальнікаў. Юрыдычны каляпс: як усё зрушыць зь мёртвага пункту? У адсутнасьць старшыні апякунскай ці назіральнай рады нейкіх крокаў чакаюць ад мяне, бо палова бюджэту залежыць ад кампаніі, у якой я працую... Так, „Крумкачы“ — гэта гісторыя, яе трэба захаваць. Якім чынам? Як толькі зьявіцца юрыдычная магчымасьць гэта зрабіць».

Разам з тым Андрэй Касьцевіч перакананы: апякунская рада мае поўнае права даваць ацэнку працы галоўнага трэнэра і ягоных памочнікаў аж да іх адстаўкі — без неабходнасьці такія рашэньні зь некім абмяркоўваць.

Кучук: Глеба для зачысткі рыхтавалася даўно, чакалі моманту

Аляксей Кучук — сын вядомага футбаліста і трэнэра Леаніда Кучука. Пасьля завяршэньня гульцоўскай кар’еры (выступаў у чэмпіянатах Беларусі, Казахстану, Латвіі, Малдовы, Партугаліі, Расеі) у 2016 годзе зьявіўся ў лягеры «Крумкачоў», калі каманда дэбютавала ў найвышэйшай лізе — спачатку ў дублі, а потым і ў асноўным складзе.

Хоць і меў некалькі прывабных прапаноў, застаўся з калектывам пасьля вымушанага паніжэньня ў клясе да другой лігі. Разам распачалі пад’ём наверх, сёлета працягнуў працу пад шыльдай НФК. А тыдзень таму атрымаў разьлік.

Аляксей Кучук
Аляксей Кучук

«Яшчэ з другой лігі пачалі падседжваць Дзяніса Шунто, чакалі асечкі, — уступіў у дыскусію звольнены адмысловец. — Не атрымалася, мы вытрымалі, пайшлі на падвышэньне. Потым перакінуліся на мяне... Я перакананы: глеба для зачысткі рыхтавалася даўно, чакалі толькі адпаведнага моманту. Дзеля чаго ўсё? Новы праект на той добрай аснове, якую заснавалі „Крумкачы“. Ну сапраўды, навошта нешта прыдумляць, калі ўсё ўжо ёсьць? Прыгожая гісторыя, верныя заўзятары... Але пралічыліся, людзі не такія дурныя, як некаму падаецца».

Прысутныя на сустрэчы заўзятары былі аднадушныя: шкада футбалістаў, якія сталі ахвярамі міжусобіцы заснавальнікаў, але марна надалей падтрымліваць каманду, якая на цяперашнім этапе ня мае ніякага дачыненьня да легендарных «Крумкачоў». Пры гэтым яны не выключаюць, што пасьля першага кола склад калектыву істотна аслабіцца: пра жаданьне сыходу ўжо заяўлялі і іншыя гульцы.

Заўзятары НФК
Заўзятары НФК

Найбольш актыўныя і адданыя крумкачоўскай справе заўзятары заявілі, што ад наступнага туру спыняюць падтрымку некалі любімай каманды і шкадуюць, што ўнікальны праект не знайшоў падтрымкі ні на дзяржаўным узроўні, ні ў Беларускай фэдэрацыі футболу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG