Да міжнароднага Дня бяз тытуню расказваем, што ў Беларусі з курэньнем і што дапамагае людзям кінуць гэтую звычку.
Дзень бяз тытуню абвешчаны ў апошні дзень вясны, 31 траўня — бо, як мяркуе Ўсясьветная арганізацыя здароўя (УАЗ), людзям прасьцей кінуць курыць у адпачынку.
Колькі кураць
Па статыстыцы УАЗ(PDF), у Беларусі кураць больш за 2 мільёны чалавек. Сярод мужчынаў — 48%, сярод жанчын — 12%. Жанчын, якія кураць, за 25 гадоў стала больш утрая. Мужчыны, наадварот, пачалі курыць менш.
У Беларусі курыць пачынаюць вельмі рана, зьвяртае ўвагу каардынатар праграм аховы грамадзкага здароўя беларускага офіса УАЗ Валянцін Русовіч.
«Хлопцы пачынаюць курыць у 16 гадоў, дзяўчаты — у 17. Ёсьць зьніжэньне сярэдняга ўзросту пачатку курэньня. Заканадаўства Беларусі адрозьніваецца ад іншых краін, і непаўналетнія часта могуць набываць цыгарэты бяз пашпарта. УАЗ рэкамэндуе ўвесьці адказнасьць за гэта ня толькі для прадаўца, але і для ўладальніка гандлёвага пункту», — кажа Валянцін Русовіч.
Самыя эфэктыўныя антытытунёвыя захады
Самая эфэктыўная мера — павышэньне акцызу на цыгарэты, то бок падаражэньне яго з 34% кошту да 75%, кажа прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя.
«Гэта дапаможа зьнізіць распаўсюджанасьць курэньня на траціну за 15 гадоў. На 15% за 15 гадоў можна зьнізіць распаўсюджанасьць за кошт забароны курэньня ў кавярнях і рэстаранах. Курэньне такім чынам становіцца менш прывабным. На 9% можна зьнізіць распаўсюджанасьць за кошт піктаграмаў (папераджальных надпісаў) на ўпакоўцы», — кажа Валянцін Русовіч.
Таксама, па рэкамэндацыі УАЗ, варта прапісваць на пачках парады: куды зьвярнуцца, калі хочаш кінуць курыць.
Іншыя захады прафіляктыкі — пашырэньне сацыяльнай антытытунёвай рэклямы і праграм бясплатнай дапамогі людзям, якія хочуць кінуць курыць.