Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Латвіі стаў судзьдзя Эўрапейскага суду


Эгілс Левітс
Эгілс Левітс

Сэйм Латвіі абраў новага прэзыдэнта краіны — ім стаў 63-гадовы судзьдзя Эўрапейскага суду Эгілс Левітс. За яго прагаласавалі 61 дэпутат, за бліжэйшага канкурэнта — 24 чалавекі.

Прэзыдэнтам Латвіі 29 траўня стаў 63-гадовы юрыст Эгілс Левітс. Яго ўжо ў першым туры абраў парлямэнт краіны, паколькі, паводле Канстытуцыі Латвіі, прэзыдэнта вызначаюць парлямэнтары.

Да гэтага Эгілс Левітс працаваў судзьдзём Эўразьвязу. У гэтай юрыдычнай інстанцыі 28 чалавек, столькі ж, колькі чальцоў мае цяпер (уключна з вялікай Брытаніяй) Эўразьвяз.

Левітс нарадзіўся ў Рызе ў 1955 годзе. У 17-гадовым узросьце разам зь сям’ёй эміграваў у Нямеччыну. Там ён двойчы атрымаў вышэйшую адукацыю – палітоляга і юрыста.

Калі Латвія пачала працэс выхаду з СССР, Левітс актыўна падтрымаў рух за незалежнасьць. Ён быў дэпутатам сэйму, міністрам юстыцыі і віцэ-прэм’ерам, працаваў амбасадарам у Аўстрыі, Швайцарыі і Вугоршчыне.

Акрамя пераможцы, у абраньні ўдзельнічалі яшчэ два прэтэндэнты – дэпутат парлямэнту Дзідзіс Шмітс і амбудсмэн Юрыс Янсанс.

Такім чынам, сьледам за Ўкраінай і Літвой яшчэ адна краіна, якая мае супольную дзяржаўную мяжу з Беларусьсю, зьмяніла свайго прэзыдэнта.

Лукашэнка да Рыгі не даехаў

Аляксандар Лукашэнка атрымаў афіцыйнае запрашэньне наведаць Латвію яшчэ пры папярэднім прэзыдэнце. Меркавалася, што візыт адбудзецца сёлета ў траўні. І латвійскі, і беларускі бакі пацьвердзілі, што падрыхтоўка да візыту ідзе.

Аднак, як лічаць многія экспэрты, цяпер паездка Лукашэнкі ў Латвію будзе адкладзеная на нявызначаны тэрмін. Прычына – неабходнасьць узгадненьня парадку дня візыту і вызначэньня дакумэнтаў, якія падпішуць абодва бакі. У новых латвійскіх уладаў могуць узьнікнуць і новыя погляды на некаторыя рэчы, што тычацца двухбаковых дачыненьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG