Яшчэ ў пачатку году камунальнікі адключылі ваду жыхару шматкватэрнага дома ў цэнтры Менску, каб пакараць за невыкананьне нормаў утрыманьня жыльля. Але выглядае, што зрабілі толькі горш — санітарны стан дакладна не палепшыўся.
Як становяцца паталягічнымі зьбіральнікамі? Колькі ў нас выпадкаў пакараньня адключэньнем электрычнасьці і вады? Што пра гэта гавораць Жыльлёвы кодэкс ды ўрадавыя пастановы? Нарэшце, якія правы маюць суседзі? Разьбіралася Свабода.
Зьбіральніцтва, якое прывяло да «псыхушкі»
Ігар Панамарэнка прапісаны ў аднапакаёвай кватэры на вуліцы Гікалы, якая засталася пасьля сьмерці бацькі. Яму 54 гады, мае дыплём выкладчыка расейскай мовы і літаратуры. Апошнім часам жыве з таго, што зьбірае і здае другасную сыравіну, найперш мэтал.
Старое, яшчэ ад юнацтва, захапленьне — кнігі, часопісы, газэты. Ад часоў савецкай перабудовы бібліятэка разраслася да вялізных памераў, займаючы ледзь не палову жылплошчы.
Ня так даўно суседзі пачалі закідваць Жыльлёва-эксплуатацыйнае ўпраўленьне № 2 Савецкага раёну Менску (ЖЭУ заехала ў былы офіс цяпер выселенага БНФ на вуліцы Варвашэні, 8) скаргамі, што кватэра зьнізу ператвараецца ў «сьметніцу», прыміце меры супраць «плюшкіна».
Справа дайшла да суду Савецкага раёну, той прыняў рашэньне прымусовай «зачысткі» — Ігар Панамарэнка пра вэрдыкт даведаўся завочна. Спробы гаспадара дамагчыся адтэрміноўкі спачатку ў раённым, а потым у Менскім гарадзкім судзе плёну ня мелі.
Падчас аднаго зь візытаў судовых выканаўцаў ягоную няўступлівасьць расцанілі як «пагрозу» супрацоўнікам дзяржаўнай службы, тыя выклікалі міліцыю. У выніку ён на месяц апынуўся ў псыхіятрычнай лякарні ў Навінках на ўскраіне Менску. Пасьля вяртаньня знайшоў «абабраную кватэру» — 40-гадовага «папяровага» збору ўжо не было.
«Я не аспрэчваю падставы для скаргаў, але вырашаць праблему вось так адным махам, як зрабілі жэсаўцы, таксама ня выйсьце, — наракае ён. — Бо, пакуль я ляжаў у Навінках, акурат усё і вынесьлі. Пры гэтым сваякам не паведамлялі, шмат дзён кватэра была наогул адчыненая, хто там толькі ні лазіў. На жаль, сёньня ўсе супраць мяне, лічаць, што я нейкі жабрак, ці што, — і суседзі, і ЖЭС, і мэдыкі. Неадпаведны, на іх разуменьне, мой лад жыцьця. Ужо і ня ведаю, як быць далей, розныя думкі наведваюць...»
На час прывядзеньня кватэры Панамарэнкі ў адпаведны санітарны стан камунальнікі паставілі заглушкі на трубы, перакрыўшы водазабесьпячэньне. Здарылася гэта чатыры месяцы таму, але і сёньня аднавіць падачу ў ЖЭУ ня лічаць патрэбным — за гэты час памяняліся ўласьнікі жыльля (пасьля сьмерці бацькі апроч Ігара Панамарэнкі ўласьнікам кватэры стала ягоная сястра), новыя зьвесткі ў разьліковы цэнтар яшчэ не паступілі.
Як вынікае з Жыльлёвага кодэксу Беларусі, падставы для пазбаўленьня жыльлёва-камунальных паслуг — электраэнэргіі, гарачай вады, газу — прапісаныя пастановай Савету Міністраў пад нумарам 1466: «Арганізацыі, якія забясьпечваюць камунальныя паслугі, маюць права прыпыніць іх аказаньне грамадзянам, якія без уважлівых прычын маюць запазычанасьць у аплаце за два і больш разьліковыя пэрыяды і не пагасілі доўг цягам 5 дзён пасьля атрыманьня пісьмовага папярэджаньня».
Тое ж тычыцца і скаргаў суседзяў, на якія вымушаныя рэагаваць ЖЭУ. Калі сыгналы пацьвярджаюцца, а спробы наладзіць кантакт з гаспадаром «сьметніцы» бясплённыя, запускаецца мэханізм прымусовага перавыхаваньня.
Выбрацца на Сьвіслач, каб пагаліцца
На пытаньне, як ён спраўляе элемэнтарныя гігіенічныя патрэбы, мужчына прызнаецца: выбіраецца на аўтобусе ў ждановіцкі лес або на Ўсходнія ці Кальварыйскія могілкі — заадно вывучае месцы апошняга спачыну знаных дзеячаў гісторыі і культуры. А каб памыцца ды пагаліцца, хапае Сьвіслачы, ад цікаўных вачэй хаваецца пад мостам. Калі-нікалі просіцца да сястры, але ня хоча лішні раз нагружаць сваімі праблемамі.
«З аднаго боку, я згодная з рашэньнем вычысьціць кватэру; з другога, ніхто не прасачыў, як гэта робіцца, — далучаецца Сьвятлана, старэйшая сястра Ігара Панамарэнкі. — Калі ўжо здарылася сама сытуацыя, ніхто не паведаміў мне, самай блізкай сваячцы. Хоць пра тое, што я існую, ведалі і судовыя выканаўцы, і намесьніца начальніка ЖЭУ, і галоўны інжынэр. Але брата „закрылі“ і ціхенька ўсё пачалі рабіць. Цягам тыдня я нават ня ведала, дзе Ігар, пакуль са шпіталя не патэлефанаваў доктар».
Дырэктар ЖЭУ № 2 Савецкага раёну Менску Аляксандар Сідараў у камэнтары для Свабоды патлумачыў, што рашэньне пра добраўпарадкаваньне жыльля, прызнанага неадпаведным санітарным нормам, прымае суд. А ведамства гэтаму падпарадкоўваецца «тэхнічна».
«Рашэньне прывесьці жылое памяшканьне ў належны стан прынялі ня мы, а суд. Паколькі спадар Ігар нас у кватэру не пускаў, быў падключаны аддзел прымусовага выкананьня, — кажа Аляксандар Сідараў. — Мы рабілі тое, што нам загадвалі. Я разумею гаспадара сваёй жылплошчы (тым больш ад 1 красавіка яны зь сястрой „уступілі ў спадчыну“ пасьля сьмерці бацькі), але ж недапушчальна разважаць: маё — што хачу, тое і раблю. Яно добра да той пары, пакуль не замінае іншым».
Што да пэрспэктываў аднаўленьня падачы вады, службовец нічога пэўнага сказаць ня можа: маўляў, усё залежыць ад таго, наколькі хутка новыя гаспадары — Ігар і Сьвятлана Панамарэнкі — перааформяць рахункі з памерлага бацькі на сябе.
Згодна са зьвесткамі Адзінага разьлікова-даведачнага цэнтру Менску, колькасьць праблемных кватэраў у сталіцы вымяраецца дзясяткамі тысяч. За студзень-травень папярэджаньні аб прыпыненьні тых ці іншых камунальных паслуг накіраваныя амаль 40 тысячам уласьнікаў і наймальнікаў кватэраў. У выніку ад крыніц сілкаваньня адключаныя 7,5 тысячы спажыўцоў. Абсалютная бальшыня тычыцца падачы электраэнэргіі, затым ідзе блякаваньне тэлеканалаў, водазабесьпячэньня і прыроднага газу.
«За гэтай кватэрай назьбіраліся запазычанасьці за камунальныя паслугі больш чым за два пэрыяды, — працягвае дырэктар ЖЭУ № 2 Савецкага раёну Менску. — Згодна з жыльлёвым заканадаўствам, да поўнай аплаты мы вымушаныя іх прыпыніць. Прычына толькі такая. Першага красавіка брат і сястра прынялі спадчыну — бацькоўскую нерухомасьць. Тым самым яны бяруць на сябе абавязак трымаць сваё жылое памяшканьне ў належным стане і своечасова рабіць разьлікі за аказаныя паслугі — дарэчы, без ільготаў, якія меў бацька».
Бібліятэка, якая перакачавала на сьметнік
Ігар Панамарэнка ня скідвае зь сябе адказнасьці за ня самае ўзорнае ўтрыманьне кватэры, але ня згодны з мэтадамі прымусовай «зачысткі». Ён перакананы, што камунальныя службы ня мелі рацыі, калі выправілі ягоную бібліятэку на сьметнік.
«Тое ж самае яны з задавальненьнем зрабілі б і са мной, — катэгарычны ён. – Няма парушальніка – няма праблемы… Мяне 36 дзён пратрымалі ў Навінках, даўжэй не было падставаў. Доктар усё спрабаваў вывесьці на «шчырасьць». Я нічога ня ўтойваў, неяк сказаў, што вельмі сумна, як глыбока нашае грамадзтва заразілася антыдухоўным вірусам. Тады ён паведаміў сястры «дыягназ»: «У вашего брата бредовое состояние». Значыць, можна афармляць групу інваліднасьці і пераяжджаць у інтэрнат. Да канца дзён сваіх...»
Аляксандар Сідараў, у сваю чаргу, прызнае: усё, што спрычынілася да парушэньня санітарных нормаў, было ўтылізавана. Інакш гэта рызыкавала ператварыцца ў зачараванае кола.
«Так, усё пайшло на сьметнік, — пацьвярджае ён. — Бальшыню старых кніжак, часопісаў бярэш у рукі, а яны распадаюцца на кавалкі, ад часу проста спарахнелі. Папраўдзе, нейкай каштоўнасьці гэтая «бібліятэка» – кажу высакамоўна, каб не пакрыўдзіць чалавека, — не ўяўляе. Але калекцыя настолькі разраслася, што зь цяжкасьцю можна было праціснуцца ў памяшканьне. Ну і, вядома, калі ня лепшы санітарны стан, непазьбежна зьяўляюцца прусакі, розныя казюркі. Гэта ўжо недапушчальна».
Ігар Панамарэнка не пакідае спробаў паскардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі на перавышэньне паўнамоцтваў з боку дзяржаўных ведамстваў. Аднак бясплённа — у адказ атрымлівае толькі адпіскі.
Дырэктар ЖЭУ № 2 Аляксандар Сідараў, у сваю чаргу, парыруе, што ўсё ў руках гаспадароў: як толькі на праблемнай тэрыторыі запануе парадак, усё вернецца ў рэчышча цывілізаваных узаемаадносінаў.
Хордынг і праблема зьбіральнікаў
У ангельскай мове існуе адмысловае слова для зьбіральнікаў — hoarders. Адпаведна, праблему назапашваньня часта называюць хордынгам.
Спэцыялісты ня могуць назваць адну канкрэтную прычыну «хваробы». Адны лічаць, што існуюць біялягічныя перадумовы і яна перадаецца генэтычна. Нават ёсьць дасьледаваньне, згодна зь якім у хордэраў зьніжаная актыўнасьць у абласьцях мозгу, якія адказваюць за канцэнтрацыю ўвагі і арганізацыю сваіх дзеяньняў.
Магчыма, менавіта таму назапашваньне часта спалучаецца з сындромам дэфіцыту ўвагі, пры якім пераключэньне на непатрэбныя рэчы дапамагае справіцца з трывогай і страхам.
Іншыя сыходзяцца ў меркаваньні, што хордынг можа разьвівацца як самастойна, так і ў выніку чэрапна-мазгавых траўмаў, праблемамі з сасудамі мозгу, упадку сіл пры дэпрэсіі, трызненьня пры шызафрэніі і г.д.