На сайце kniha.of.by апублікаваныя вынікі чытацкага галасаваньня за «Кнігу году». Чытацкі рэйтынг мае сымбалічнае значэньне. Вынікі галасаваньня не ўплываюць на афіцыйную прэмію і не залежаць ад яе.
На першым месцы Яўген Зубовіч з кнігай «Беларускі палкоўнік». За яе аддалі галасы 176 чалавек або 28% удзельнікаў галасаваньня.
«Гістарычны раман раскрывае драматычную панараму падзеяў сярэдзіны XVII ст. на ўсходзе Беларусі. Малады магілёўскі шляхціц Канстанцін Паклонскі, былы ротмістар войска Вялікага Княства Літоўскага, атрымлівае ліст з Запароскай сечы, які зьмяняе ўсё яго жыцьцё. Гэта кніга пра вернасьць і здраду, любоў да Бога, каханьне да дзяўчыны і складаныя жыцьцёвыя выклікі з якімі сутыкаюцца героі твора. У рамане прадстаўлены постаці вялікага літоўскага гетмана Януша Радзівіла, маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, украінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага і іншых гістарычных асобаў», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі.
На другім месцы раман «Ноч» Віктара Марціновіча — 15,7%. Трэцяе месца заняў архіўны раман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» — 11,5%.
У мінулыя гады, паводле вэрсіі чытачоў, кнігамі году станавіліся «Радзіва Прудок» Андруся Горвата і «Беларусалім» Паўла Севярынца.
Пераможцам галасаваньня пісьменьніцкага журы стала сёлета кніга Марыі Мартысевіч «Сарматыя».
Афіцыйная прэмія «Кніга году» заснаваная ПЭН-цэнтрам і прысуджаецца адной найлепшай кнізе, выдадзенай у папярэднім годзе. У склад вялікага журы мае права ўваходзіць любы беларускі пісьменьнік і перакладчык. Сёлета гэта 103 літаратары.