Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шакалядка «Прэзыдэнт», тураўскі сыр. Якія прадукты Лукашэнка падарыў прэзыдэнту Казахстану


Belarus -- Visit of Alexander Lukashenko to Kazakhstan on May -- 29mai2019
Belarus -- Visit of Alexander Lukashenko to Kazakhstan on May -- 29mai2019

У Нур-Султан Аляксандар Лукашэнка прыехаў не з пустымі рукамі, а з кошыкам беларускіх прадуктаў, які ўручыў прэзыдэнту Касым-Жамарту Такаеву. Свабода паглядзела, што за харчы ў гэтым кошыку.

Напярэдадні пасяджэньня Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Нур-Султане з новым прэзыдэнтам Казахстану Касымам-Жамарту Такаевым. Кадры з сустрэчы паказаў тэлеканал СТВ. Прэзыдэнту Казахстану Аляксандар Лукашэнка ўручыў кошык зь беларускімі харчамі. Глядзім, што ў ім.

Журавіны ў цукры, хлеб, згушчанка

У кошыку відаць журавіны ў цукры, пачак такіх каштуе 6-6,5 рубля за паўкіляграма. Там жа сыр Ricotta ад Тураўскага малочнага камбінату, упакоўка каштуе ў краме 1 рубель 19 капеек. Таксама ў кошыку кураня-бройлер ад кампаніі «Савушкин продукт», каштуе каля 5 рублёў за кіляграм.

Таксама ў падарачным наборы дзьве ўпакоўкі глыбоцкай згушчанкі па 1,5 рубля кожная, хлеб (каля 1 рубля), шакаляд «Прэзыдэнт» (каля 3 рублёў) і вялікая каробка цукерак ад «Камунаркі» сэрыі «Белая Русь», каштуе каля 18 рублёў.

Відаць, што на дне кошыка таксама ёсьць вэнджаная каўбаса (каля 15 рублёў за кіляграм) ды іншыя прадукты.

Як падлічыла Свабода, прадуктовы кошык ад Лукашэнкі пацягнуў ня менш за 55 рублёў.

Апроч прадуктаў, Аляксандар Лукашэнка падарыў прэзыдэнту Казахстану факсімільную мапу 1520 году, калі Казахскае ханства дасягнула найвышэйшага росквіту.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў таксама зрабіў падарунак Лукашэнку — гэта клюшка для гольфу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG