«Рады, што мы прыйшлі да згоды, што з 1 студзеня 2020 году па прынцыпе ратацыі вы ўступіце на пасаду генэральнага сакратара АДКБ», – заявіў прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян ў размове з дзяржсакратаром Рады бясьпекі Беларусі Станіславам Засем.
Словы армянскага лідэра цытуе партал news.am.
У пачатку лістапада 2018 году генэральны сакратар АДКБ прадстаўнік Армэніі Юрый Хачатураў быў адкліканы з пасады па ініцыятыве Ерэвану, бо супраць яго вылучылі крымінальныя абвінавачваньні.
Адкліканьне стала вынікам леташняй рэвалюцыі ў Армэніі і зьмены ўлады ў гэтай краіне. Супраць Юрыя Хачатурава вылучаныя абвінавачваньні ў жорсткім падаўленьні народных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2008 годзе.
Хачатураў быў прызначаны генэральным сакратаром АДКБ у красавіку 2017 году на тры гады, тэрмін яго паўнамоцтваў скончыўся б у красавіку 2020 году.
Як адзначае БелаПАН, пасьля адкліканьня з пасады Хачатурава Армэнія настойвала на захаваньні за ёй пасады генэральнага сакратара АДКБ да заканчэньня тэрміну трохгадовага мандату ў 2020 годзе, Беларусь прапаноўвала на гэтую пасаду дзеючага дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі Станіслава Зася.
Прапанову Беларусі публічна падтрымліваў Казахстан, астатнія чальцы АДКБ, акрамя Армэніі, у тым ліку і Расея, не пярэчылі беларускай прапанове.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 5 сакавіка назваў сытуацыю з прызначэньнем генэральнага сакратара АДКБ «нездаровай» і падкрэсьліў, што яе трэба вырашаць як мага хутчэй.
22 траўня на пасяджэньні Савета міністраў замежных спраў АДКБ у Бішкеку (Кыргызстан) кандыдатура Зася была ўзгодненая для прызначэньня кіраўнікамі дзяржаў-чальцоў на пасаду генэральнага сакратара АДКБ.
Сёньняшняя сустрэча Пашыньяна з Засем і згода на прызначэньне беларускага прадстаўніка, выказаная армянскім прэмʼерам, азначае, што Зась будзе прызначаны генэральным сакратаром АДКБ.
У гэтую арганізацыю ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.
Камэнтар Юрыя Дракахруста
Згода Армэніі на прызначэньне Зася генэральным сакратаром АДКБ – кампраміс, на які быў вымушаны пайсьці Нікол Пашыньян. Сама па сабе гэтая пасада ня вельмі значная і ўплывовая, генэральны сакратар – не галоўнакамандуючы і не прэзыдэнт дзяржаваў АДКБ, гэта па сутнасьці тэхнічная, канцылярская пасада.
Але пасьля адкліканьня Хачатурава, якое мела выразную палітычную подбіўку, Армэнія катэгарычна настойвала на тым, што да канца тэрміну паўнамоцтваў – да красавіка 2020 году, гэтая пасада павінная заставацца за Армэніяй.
З гэтым не пагадзіліся астатнія чальцы арганізацыі, у выніку дагэтуль выканаўцам абавязкаў генэральнага сакратара арганізацыі застаецца прадстаўнік Расеі Валер Сямерыкоў.
Пашыньян ня здолеў настаяць на сваім. Прызначыць Зася Лукашэнка прапаноўваў даўно, фактычна адразу пасьля адкліканьня Хачатурава. Тады Пашыньян не пагаджаўся, зараз пагадзіўся, прычым, адступіўшы ад сваёй ранейшай пазыцыі – паводле Ерэвана чарга Беларусі на пасадзе генэральнага сакратара АДКБ пачынаецца ў красавіку 2020 году, Пашыньян саступіў 4 месяцы.
Выглядае, што галоўнай прычынай гэтага кампрамісу сталі ня столькі аргумэнты Беларусі і Казахстану, колькі пазыцыя Крамля. Армэнія застаецца саюзьнікам Расеі, Расея – канчатковая гарантыя бясьпекі Армэніі.
Пашыньян захаваў твар, не пагаджаючыся на кампраміс паўгода, але ў рэшце рэшт быў вымушаны пайсьці на яго.