Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны ў Беларусі зарабляюць на траціну менш за мужчын. ІНФАГРАФІКА


11 ліпеня адзначаюць Усясьветны дзень насельніцтва. У Беларусі на 1000 мужчын прыпадае 1146 жанчын. Сярод жанчын вышэйшы ўзровень занятасьці: 84 сярод працаздольнага ўзросту занятыя. Сярод мужчын — 82%.

Але ў Беларусі няма ніводнай спэцыяльнасьці, дзе б жанчынам плацілі больш. Свабода паглядзела, колькі зарабляюць у Беларусі мужчыны і жанчыны, і ўбачыла відавочную розьніцу. Ці зьмяняецца сытуацыя?

Беларускія мужчыны ў сьнежні 2018 году зараблялі ў сярэднім 1277,7 рубля на месяц, жанчыны — на 27% менш, 928,4 рубля. Розьніца, якую зафіксавала статыстыка Белстату(PDF), назіраецца па ўсіх спэцыяльнасьцях — няма ніводнай, дзе б жанчыны атрымлівалі хаця б столькі ж.

Найменшы разрыў паміж мужчынскім і жаночым заробкамі — у сфэры вытворчасьці вырабаў з дрэва і паперы, паліграфіі. Жаночы заробак у гэтай галіне меншы за мужчынскі на 5%. А самы вялікі разрыў паміж заробкамі мужчыны і жанчыны — у ІТ (паводле афіцыйнай статыстыкі). Жаночы заробак меншы амаль удвая (55,9% мужчынскага).

У гэтай сфэры жанчыны зарабляюць у сярэднім 2,2 тысячы рублёў, мужчыны — 3,9 тысячы.

На пасадах, зьвязаных зь дзяржаўным кіраваньнем, разрыў паміж мужчынамі і жанчынамі ў пляне заробку — 13%. Жанчыны ў ІТ зарабляюць больш, чым мужчыны ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня.

Што з гэндэрным балянсам

Ёсьць у Беларусі і самыя «жаночыя» спэцыяльнасьці. У галіне аховы здароўя працуе 84,9% жанчын, у адукацыі — 81,3%, у сфэры вырабу вопраткі і аксэсуараў да яе — 77,1%.

Найменш за ўсё жанчын працуе ў будаўніцтве — толькі 17%, у сфэры гандлю машынамі і матацыкламі і іх рамонту — 21,5%, у мэталюргіі — 25,1%.

«Жанчына ня можа быць кіраўніком»

Розьніца паміж заробкамі памалу зьмяншаецца, але ёсьць праблема са стэрэатыпамі, мяркуе Ірына Жыль, старшыня жаночай сеткі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, якая працуе на «Беларуськаліі».

«Кар’ернага росту, каб гэты разрыў зьмяншаўся, няма. Няма прадпрыемстваў, якія б ахоплівалі ў асноўным жанчын. Ёсьць перадузятая думка, што лягчэй працаваць з мужчынамі. Бо яны менш замарочваюцца, а жанчынам патрэбная нейкая асаблівая псыхалягічная абстаноўка. Мужчынскі шавінізм, у пляне кіраўнікоў, застаўся. Стагодзьдзямі ў галовах тое, што мужчына павінен быць кіраўніком. Часам кажу на працы, што ёсьць кандыдатка на кіраўнічую пасаду — і адразу адказваюць, што яна ж жанчына», — кажа Ірына Жыль.

Прафсаюзная кіраўніца дадае, што сытуацыя зьменіцца тады, калі нешта пачне мяняцца ва ўяўленьні людзей.

«Увага да гендэру прывяла да таго, што жанчыны актывізаваліся, і гэта добра. Яны ў многіх пытаньнях больш настойлівыя, чым мужчыны. Але адміністрацыя думае, што ім лепш працаваць з мужчынамі», — дадае Ірына Жыль.

А што ў іншых краінах?

Розьніца ў заробках мужчын і жанчын ёсьць амаль ва ўсіх краінах, і паўсюль не на карысьць жанчын. Паводле Gender Pay Gap, у Нямеччыне мужчыны зарабляюць на 20% больш, у Вялікай Брытаніі — на 18%, у ЗША — на 17,8%.

У суседніх зь Беларусьсю краінах розьніца паміж заробкамі мужчын і жанчын падобная. Ва Ўкраіне мужчыны зарабляюць на 22% больш, у Расеі — на 32,1%.

Найбольшая розьніца ў заробках — у Карэі, дзе мужчынскі заробак на 37% вышэйшы за жаночы, а найменшая — у Славеніі, дзе розьніца толькі 3,5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG