Дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганьне Канапацкай не прадставілі прапановы расейскага боку па разьвіцьці інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы». Канапацкая апублікавала ў Facebook адказ кіраўніка беларускай інтэграцыйнай рабочай групы, міністра эканомікі Дзьмітрыя Крутога на яе запыт — прадставіць дакумэнты з прапановамі, атрыманымі ад расейскай групы, і адказы на іх беларускага боку.
«Дакумэнты, праца над якімі вядзецца цяпер рабочай групай па выпрацоўцы прапаноў аб далейшым разьвіцьці беларуска-расейскай інтэграцыі, знаходзяцца на стадыі аналізу выкананьня раней дасягнутых інтэграцыйных дамоўленасьцяў. Пры гэтым зьбіраюцца экспэртныя ацэнкі бакоў па розных аспэктах інтэграцыі, праводзяцца двухбаковыя перамовы зацікаўленых ведамстваў», — паведамляецца ў адказе Крутога.
Як адзначае Канапацкая, гэтая інфармацыя не зьяўляецца сакрэтнай і павінна быць адкрытая для грамадзян Расеі і Беларусі.
Раней дэпутат неаднаразова выказвала думку, што для эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі дастаткова Эўразійскага эканамічнага саюзу. Таксама яна агучвала меркаваньне, што Палата прадстаўнікоў можа ініцыяваць рэфэрэндум пра адмену дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі».