Органы пракуратуры Менска выявілі і запатрабавалі ліквідаваць парушэньні ў сфэры арганізацыі асобнага збору, захоўваньня і перавозкі бытавых адходаў, паведамляе прэс-служба ведамства.
Паводле закону, калі ў двары ёсьць кантэйнэры для асобнага збору бытавых адходаў, жыхары абавязаныя сартаваць сьмецьце і выкідаць іх у гэтыя кантэйнэры. У менскай пракуратуры вырашылі праверыць, як выконваецца заканадаўства аб абыходжаньні з камунальнымі адходамі, і знайшлі наступныя парушэньні:
- на некаторых сьмецьцевых пляцоўках збор і падзел камунальных адходаў па відах арганізаваны ня ў поўным аб’ёме;
- сьмецьце і абрэзаныя галінкі часам вывозяць несвоечасова;
- на тэрыторыі пляцовак для збору буйнагабарытнага сьмецьця несвоечасова праводзяць санітарныя прыборкі, каля некаторых сьмецьцепрыёмных камэр знайшлі грызуноў;
- у асобных выпадках кантэйнэры для збору шкла, плястыку і паперы былі разьмешчаныя на зялёнай зоне, ходніках;
- людзей недастаткова інфармуюць пра асобныя віды адходаў, якія перапрацоўваюць.
Няправільны збор, у тым ліку зьмешваньне палімэрных адходаў зь іншымі пры перавозцы, прывялі да пагаршэньня якасьці сартавальных ліній, адзначаюць у ведамстве.
Яшчэ адной праблемай у пракуратуры лічаць тое, што ў Менску працягваюць будаваць дамы са сьмецьцеправодамі, а падчас праектаваньня дваровых тэрыторый часам ня ўлічваюць новыя патрабаваньні да асобнага збору сьмецьця. Таксама ня вырашана пытаньне, дзе будзе пляцоўка для новага палігону цьвёрдых бытавых адкідаў.
Па выніках праверак пракуроры склалі 10 адміністрацыйных пратаколаў у дачыненьні 10 службовых асоб жыльлёва-камунальных службаў, УП «Спэцкамунаўтатранс» ды іншых арганізацый, вынесьлі 3 прадпісаньні, 5 прапазыцый у адрас тэрытарыяльных выканаўчых органаў.
У актах нагляду пракуратура Менску запатрабавала распрацаваць і зацьвердзіць праграму па абыходжаньні з адходамі, а таксама дакумэнты для будаўніцтва новага палігону цьвёрдых бытавых адходаў, завяршыць будаўніцтва прадпрыемства для сартаваньня бытавых адходаў у раёне палігону «Трасьцянецкі».