Канадзкага псыхоляга Джордана Пітэрсана прыхільнікі называюць прарокам і любяць за барацьбу з паліткарэктнасьцю. Апанэнты лічаць яго «трэнэрам правых» і тролем, якога ня варта ўспрымаць сур’ёзна. Кожны з бакоў мае трохі рацыі. Але гэта ня адмаўляе факту, што Пітэрсан сёньня — адзін з самых уплывовых інтэлектуалаў сьвету.
Яшчэ тры гады таму Джордан Пітэрсан быў малавядомым прафэсарам клінічнай псыхалёгіі Ўнівэрсытэту Таронта. Сусьветную славу яму прынёс цыкль лекцыяў на Youtube з нагоды прыняцьця канадзкім урадам закону C-16. Гэты закон дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за ўжываньне мовы нянавісьці. А праявай гэтага можа быць, напрыклад, адмова ад гендэрна-нэўтральных займеньнікаў замест «she» i «he» (яна, ён). Пітэрэсан публічна заявіў, што не зьбіраецца падпарадкоўвацца гэтаму правілу. Улады ўнівэрсытэту пагражалі прафэсару звальненьнем, а яго лекцыі спрабавалі зрываць антыфашысты.
Пра тое, што здарыцца потым, Пітэрсан ня мог і марыць. Яго відэа на Youtube пачалі глядзець дзясяткі мільёнаў людзей. Сёньня ў яго больш за 2 мільёны падпісчыкаў, якія штомесяц зьбіраюць яму па 80 тысяч даляраў. Прафэсара літаральна разрываюць запрашэньнямі выступіць у розных кутках плянэты. А яго кніга «12 правілаў жыцьця. Як перамагчы хаос» імгненна зрабілася бэстсэлерам. Дык як раіць жыць псыхоляг, які даводзіць да шалу лібэралаў і левых?
Што прапануе Пітэрсан
На першы погляд кніга Джордана Пітэрсана — гэта псыхалягічны дапаможнік. Ягоныя 12 парадаў даволі простыя і практычныя. Аўтар перакананы, што яны могуць стаць маральным компасам і надаць жыцьцю сэнс. Перамагчы хаос можа парадак, а парадак, на думку Пітэрсана — гэта правілы.
«Нам патрэбныя прынцыпы, стандарты і каштоўнасьці, — піша аўтар. — Мы — статкавыя жывёлы, нам патрэбныя рутына і традыцыя».
Аўтар шчыра прызнаецца, што ягоныя правілы ня ў стане пазбавіць сьвет ад пакутаў і болю, але могуць значна іх зьменшыць.
Вось яны:
- Сачыце за фігурай. Сьпіну — выпрастаць, плечы — назад (гэта дадае сілы)
- Стаўцеся да сябе як да чалавека, якому вы павінны дапамагаць
- Сябруйце зь людзьмі, якія жадаюць вам дабра
- Параўноўвайце сябе з тым, кім вы былі ўчора, а ня з тым, кім нехта іншы ёсьць сёньня
- Не дазваляйце сваім дзецям рабіць тое, за што яны вам менш падабаюцца
- Перш чым крытыкаваць сьвет, навядзіце парадак ва ўласным доме
- Ідзіце за тым, што мае сэнс (а не за тым, што выгадна)
- Кажыце праўду або прынамсі не хлусіце
- Уявіце сабе, што чалавек, якога вы слухаеце, можа ведаць нешта невядомае вам
- Будзьце дакладнымі ў тым, што кажаце
- Не перашкаджайце дзецям, калі яны катаюцца на скейтах
- Калі сустрэнеце на вуліцы ката, пагладзьце яго
За што любяць Пітэрсана
Камусьці гэтыя правілы могуць падацца банальнымі, але самае цікавае пачынаецца ў іх апісаньнях. Кожнаму Пітэрсан прысьвячае каля 30 старонак. Кожны радок — гэта мёд на сэрца прыхільнікаў традыцыйных каштоўнасьцяў.
З кожным абзацам аўтар уваходзіць глыбей і глыбей у культурную вайну, распраўляецца з сучаснымі левымі ідэямі, якія называе нігілісцкімі і дэструктыўнымі. Пітэрсан параўноўвае левых з камуністамі і чырвонымі кхмерамі. Але тыя, на думку прафэсара, прынамсі ня ведалі, да чаго гэта ўсё прывядзе. А сучасныя нэамарксысты ізноў ідуць таталітарнай сьцежкай, робячы старыя памылкі і пагражаючы сьвету катастрофай. Іх Пітэрсан адносіць да хаосу.
Альтэрнатыву хаосу ён бачыць у парадку, а гэта, на яго думку, сотні мільёнаў гадоў герархіі, структура грамадзтва, рэлігія, нацыянальны сьцяг і процьма іншага, што дае людзям спакой.
«Калі пануе парадак — мы можам думаць доўгатэрмінова. Наша сытуацыя стабільная, а мы спакойныя і ўпэўненыя ў сабе», — піша Пітэрсан.
Ён кідае выклік фэмінізму і палітычнай карэктнасьці. Патрыярхат аўтар называе ідэалягічнай канструкцыяй, мужчын заклікае быць мужчынскімі і вядзе вайну з тымі, хто змагаецца з герархічнасьцю грамадзтва.
«Кожная герархія нараджае пераможцаў і пераможаных. Але кожнае калектыўнае імкненьне да любой мэты канчаецца менавіта фармаваньнем герархіі. А імкненьне да гэтых мэтаў шмат у чым надае жыцьцю сэнс», — піша Пітэрсан.
Аўтар часта цытуе Біблію і падкрэсьлівае важнасьць рэлігіі ў жыцьці. Хрысьціянства ён хваліць за тое, што яно ўвяло роўнасьць паміж людзьмі, зрабіла раба і яго гаспадара роўнымі перад Богам.
«Грамадзтвы, якія паўсталі на хрысьціянстве, былі менш барбарскія, чым паганскія, а таксама рымскае, якое яно замяніла. Асуджалася дзетазабойства, прастытуцыя. Падкрэсьлівалася, што мужчыны і жанчыны роўныя. Нават ворагаў хрысьціяне заклікалі ўспрымаць як людзей, а цароў перастаць успрымаць як Божых стаўленікаў. Празь некаторы час усе забыліся, што такія праблемы ўвогуле існавалі», — піша псыхоляг.
Пры гэтым сам ён ня кажа, што верыць у Бога. «Я паводжу сябе так, як бы Бог існаваў», — гаворыць Джордан Пітэрсан.
За што ня любяць Пітэрсана
Пачну здалёк. У 2017 годзе швэдзкі матэматык Тэадор Гіль напісаў навуковы артыкул пра магчымае паходжаньне генэтычных розьніц паміж мужчынамі і жанчынамі. Яго тэкст пагадзіліся надрукаваць два навуковыя часопісы, але ў апошні момант зьмянілі думку. Адзін з аўтараў адмовіўся падпісвацца пад артыкулам пасьля пагрозаў alma mater, а спонсар дасьледаваньня — Нацыянальны фонд навукі — запатрабаваў прыбраць сваю назву са зьместу артыкулу. От, кепскае дасьледаваньне, запярэчыць нехта. Але праблема ў тым, што рэдактарка часопісу адкрыта напісала Гілю, што не атрымала ніводнага пратэсту наконт навуковага падыходу або высноваў. Прэтэнзіі да матэматыка, паводле яе, выключна палітычныя.
Крытыка Пітэрсана таксама пераважна палітычная. І ў гэтым ён, у адрозьненьне ад Гіля, вінаваты сам. Хаця ня факт, што гэтая крытыка яго неяк кранае. Побач зь дзясяткамі навуковых спасылак, навуковых прыкладаў і вынікаў экспэрымэнтаў, у ягонай кнізе шмат кантрабанды — публіцыстыкі, якую няўважлівы чытач можа прыняць за навуковыя высновы. У разьдзеле «Не перашкаджайце дзецям, калі яны катаюцца на скейтах», у якім аўтар заклікае бацькоў даваць дзецям больш свабоды, каб яны спазнавалі сьвет, больш за палову тэксту нечакана прысьвечаная абсурднасьці барацьбы за роўнасьць заробкаў, якую і так ідэальна, на думку Пітэрсана, рэгулюе рынак.
«У Амэрыцы 500 індыянскіх плямёнаў. Чальцы племя Osage у сярэднім зарабляюць у год па 30 тысяч даляраў, а чальцы племя Tohono Odham няцэлыя 11 тысяч. Апошнія таксама ахвяры прыгнёту? А што зь людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі? Ці павінны яны зарабляць столькі ж, колькі і здаровыя? А што наконт людзей зь нізкім IQ?», — запытваецца Пітэрсан.
Гэта прыгожы рытарычны прыём, які аднак можа паставіць пад сумнеў аргумэнтацыю самога Пітэрсана. Бо калі сучасны парадак у сьвеце — гэта вынік эвалюцыі і культуры, якая зьяўляецца творам усяго чалавецтва, а не жанчын і мужчын паасобку (а менавіта так лічыць Пітэрсан), то барацьба жанчын за роўныя з мужчынамі заробкі — усяго толькі наступны крок разьвіцьця гэтай культуры. Тым больш, гэта пацьвярджаюць і мужчыны, якія падтрымліваюць пастулят роўнасьці заробкаў. Але ў гэтым выпадку Пітэрсан так ня лічыць.
Крытыкі называюць Пітэрсана «гуру белых гетэрэсэксуалаў мужчынаў», але ягоных прыхільнікаў гэта наўрад ці нэрвуе. Зрэшты, ён зьвяртаецца ў тым ліку і да жанчын, хаця перакос у адрас мужчынаў відавочны.
Месцамі Пітэрсан грашыць сафістыкай, а часам і простымі памылкамі. На Youtube можна знайсьці цэлыя ролікі і падкасты, прысьвечаныя памылкам Пітэрсана.
Прафэсар, напрыклад, памылкова сьцьвярджаў, што біблійнае слова Сатана паходзіць ад імя эгіпэцкага бога Сэта. Насамрэч, гэтае слова нарадзілася ў габрэйскай мове. Таму апанэнты Пітэрсана заклікаюць скептычна падыходзіць да ягоных словаў і высноваў, якія не датычаць псыхалёгіі. Праблема ў тым, што Пітэрсан выказваецца пра ўсё на сьвеце.
Тым ня менш
Зводзіць кнігу канадзкага клінічнага псыхоляга, доктара навук і былога выкладчыка Гарварду, да выключна барацьбы ідэалёгій і культурнай вайны, што вельмі часта робяць яго прыхільнікі і апанэнты, было б вялікай памылкай. Амэрыканскі акадэмічны асяродак вельмі ідэалягізаваны ў прынцыпе, і такі закід можна зрабіць вельмі многім. Джордан Пітэрсан — найперш клінічны псыхоляг і толькі пасьля гэтага «зорка ютубу», «гуру кансэрватараў» і «троль».
«12 правілаў жыцьця» — гэта кніга пра адносіны людзей, мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, пра чалавечыя фобіі, траўмы і шляхі лепшага разуменьня самога сябе. Яго кнігу трэба чытаць з доляй здаровай крытыкі і скепсісу. Зрэшты, як і любую іншую.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.