Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо пяць чалавек пакаралі штрафамі за Чарнобыльскі шлях, якога не было


Юлія Ляшкевіч на Чарнобыльскім шляху
Юлія Ляшкевіч на Чарнобыльскім шляху

Па 510 рублёў штрафу атрымалі яшчэ два ўдзельнікі несанкцыянаванай акцыі 26 красавіка ў Менску. Менчукоў Юлію Ляшкевіч і Дзьмітрыя Кучука, намесьніка старшыні партыі «Зялёныя», абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня, прадугледжанага артыкулам 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Працэсы над імі адбыліся ў Цэнтральным судзе Менску.

«Удзел у шэсьці я прызнала, але віны не прызнаю»

Юлія Ляшкевіч распавяла «Свабодзе» падрабязнасьці працэсу.

«Мяне судзіла Вікторыя Шабуня, а сьведчылі два міліцыянты. Прычым адзін зь іх, маладзейшы, дакладна адказаў на пытаньне, з якой нагоды адбылася акцыя — што ў памяць пра Чарнобыльскую катастрофу. То бок разумеюць, за што караюць. Нагадала суду, што ў той дзень МУС праводзіў маленьне ў памяць пра загінулых ад Чарнобыля міліцыянтаў. Але ж загінулі ня толькі міліцыянты — пра іх, значыць, гаварыць нельга», — кажа Юлія Ляшкевіч.

Ці будзе абскарджваць пастанову суду, жанчына яшчэ ня вырашыла. «Удзел у шэсьці я прызнала, але віны не прызнаю».

Дзьмітрый Кучук таксама не зьбіраецца абскарджваць рашэньне суду.

Ужо пакаралі 5 чалавек

На дадзены момант вядома пра пакараньне 5 удзельнікаў акцыі. Апроч Ляшкевіч і Кучука, гэта пэнсіянэрка з Асіповіч Тацяна Барэль (аштрафаваная на 328,5 рубля), незалежны эканаміст Сяргей Чалы (328,5 рубля), невядомы малады чалавек з плякатам, якога судзілі ў Першамайскім судзе (255 рублёў).

Выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў таксама атрымаў для азнаямленьня складзены на яго пратакол за 26 красавіка.

«Яшчэ не праглядаў, на мяне шмат пратаколаў», — сказаў Свабодзе Мікалай Казлоў.

На ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Менску штогод ад 1989 году традыцыйна праходзіў Чарнобыльскі шлях — акцыя памяці ладзілася без удзелу дзяржавы, але ўлады амаль заўсёды дазвалялі яе. Заяўку на мітынг і шэсьце ў 2019 годзе адклікалі празь нежаданьне плаціць міліцыі за абавязковую ахову. Акцыя прайшла несанкцыянавана, але затрыманьняў не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG