Пазыцыі Беларусі і Расіі па далейшай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы сыходзяцца на 70%, заявіў прэм’ер-міністар Сяргей Румас 24 мая на сустрэчы са сваім расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым у Падмаскоўі. Сюжэт пра перамовы кіраўнікоў урадаў дзьвюх дзяржаў быў паказаны ў выпуску навін на тэлеканале «Беларусь 1», піша БелаПАН.
«Я ўдзячны вам за тое, што, як мы і дамаўляліся ў Ерэване, мы атрымалі ад вас апэратыўна прапановы па далейшай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы, — сказаў Румас. — Мы старанна прапрацавалі і гэтак жа апэратыўна вам перападалі свае прапановы. Я думаю, што мы сёньня зможам абмеркаваць іх. На 70% нашы пазыцыі сыходзяцца. І вось сёньня хацелася б па астатніх 30% зразумець, дзе ў нас і ў чым адрозьненьне, якія разьвязкі ёсьць».
Мядзьведзеў адзначыў, што апошнім часам ім з Румасам давялося абмяркоўваць розныя пытаньні, у тым ліку няпростыя наяўныя. «Але ёсьць і стратэгічныя пытаньні, у прыватнасьці па нашым ўзаемадзеяньні ў рамках Саюзнай дзяржавы, — дадаў ён. — У канцы года мы з вамі правялі пасяджэньне саюзнага Саўміна, абмяркоўвалі наяўнае жыцьцё, а зараз абмяркоўваем дадатковыя магчымасьці па рэалізацыі саюзнай дамовы — самага вялікага інтэграцыйнага праекта».
Тэму больш цеснай інтэграцыі ініцыяваў у сьнежні мінулага года расійскі бок. Гэта адбывалася на фоне ня вырашанай дагэтуль спрэчкі аб кампэнсацыі Беларусі наступстваў ад правядзеньня ў Расіі падатковага манэўру. У Мінску налічылі прыкладна 15 млрд долараў стратаў і разьлічваюць на іх пакрыцьцё. Масква ставіць прэфэрэнцыі ў залежнасьць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.
На пасяджэньні саюзнага Саўміна ў Берасьці 13 сьнежня 2018 года Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы з Беларусьсю, уключаючы стварэньне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты. А за два дні да гэтага віцэ-прэмʼер РФ Дзьмітрый Казак на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй адмовіўся абмяркоўваць кампэнсацыю страт ад падатковага манэўру і даваньне скідкі на газ «да прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы», паведамлялі расійскія СМІ.
У сьнежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэньні рабочых груп «для вырашэньня пытаньняў у рамках далейшай інтэграцыі дзьвюх краін».
17 красавіка Дзьмітрый Мядзведзеў падчас справаздачы аб дзейнасьці ўрада ў Дзярждуме РФ паведаміў, што беларускаму боку перададзеныя прапановы аб інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. «Беларускім сябрам перададзеныя нашы прапановы па інтэграцыі, — сказаў ён. — Яны вызначаюцца, што для іх зьяўляецца прымальным, што менш прымальным. Зараз мы вядзем з нашымі калегамі, з нашымі партнэрамі з Беларусі размову пра тое, якім чынам гэтую інтэграцыю зрабіць яшчэ больш важкай».
18 красавіка міністар замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў журналістам, што Беларусь накіравала расійскім партнэрам свае прапановы па далейшай інтэграцыі. «Нашы прапановы, я так разумею, знаходзяцца на разглядзе ў Маскве ў адпаведных урадавых структур. Думаю, што пасьля вывучэньня гэтых прапаноў рабочая група пачне больш актыўна працаваць над рэалізацыяй нашай канцэпцыі паглыбленьня інтэграцыі», — адзначыў кіраўнік МЗС.
На просьбу БелаПАН канкрэтызаваць беларускія прапановы Макей адказаў: «Прапановы ахопліваюць усе сфэры нашага супрацоўніцтва».