Гісторыя пра 24-гадовага Максіма Цімашкова, які паставіў намёт пад вокнамі сваёй былой дзяўчыны, каб яна пагадзілася зноўку быць зь ім разам, разьляцелася па розных СМІ. І, што цікава, рэдакцыі нібыта ўхваляюць такі перасьлед дзяўчыны — журналістка tut.by піша, што на разьвітаньне пажадала хлопцу не губляць надзеі, а The Village перадрукоўвае ў Фэйсбуку навіну з камэнтаром «Лена, прабач Максіма».
Невядома, ці спрабавалі зьвязацца з самой Ленай і даведацца, што яна думае пра ўчынак Максіма. Зрэшты, па законах жанру гэтага і ня трэба: нам жа відавочна спрабуюць выдаць перасьлед (сталкінг) за рамантыку, якая нібыта мусіць растапіць сэрца дзяўчыны. Але гэтая гісторыя павінна канчаткова пераканаць Лену ў тым, што ад Максіма трэба трымацца падалей.
Нам часта кажуць, што трэба «прыслухоўвацца да званочкаў» у паводзінах партнэра, але разам з тым шмат якія званочкі наўпрост ухваляюць. І часта гісторыі сталкінгу — гэта яскравы прыклад такога двайнога пасланьня. Пакуль хлопец перасьледуе дзяўчыну, яго называюць сьмелым, рашучым і рамантычным, а калі празь нейкі час ён праяўляе адкрытую агрэсію, дык дзяўчыне кажуць, што яна мусіла нешта заўважыць раней. Яна б, можа, і заўважыла, калі б навакольныя называлі рэчы сваімі імёнамі.
Насьцярожваць у стасунках мусяць нават сюрпрызы кшталту «вырашыў сустрэць цябе з працы, не папярэдзіўшы загадзя».
Па вялікім рахунку, насьцярожваць у стасунках мусяць нават сюрпрызы кшталту «вырашыў сустрэць цябе з працы, не папярэдзіўшы загадзя» і настойлівыя прапановы штовечар сустракаць/праваджаць дадому. Калі ж мужчына раскладвае намёт пад вокнамі жанчыны, каб яна пагадзілася зноўку быць зь ім разам, дык гэта ўжо ня проста званочак — гэта нагода задумацца пра зьмену нумара, працы і ўвогуле пераезд.
У ідэале варта было б задумацца і пра зварот у міліцыю, але беларускае заканадаўства жанчыну ў такім выпадку ніяк не абараняе. Калі няма абразаў, калі сталкер не распаўсюджвае хлусьні — усё нібыта ў парадку. Гэта такое клясычнае «калі заб’юць, тады і прыходзьце».
Вы, вядома ж, можаце запярэчыць і сказаць, што я надта драматызую і перабольшваю небясьпечнасьць сталкераў. Яны ж нібыта проста закаханыя людзі, якія ня могуць справіцца са сваімі пачуцьцямі. Іх трэба пашкадаваць! Але праблема ў тым, што перасьлед — гэта паказчык залежнасьці і жаданьня поўнага кантролю. І як далёка зойдзе чалавек, стараючыся вярнуць сабе гэты кантроль, загадзя ня ведае ніхто.
Больш за тое, перасьлед дэманструе абсалютную непавагу да «каханай». Яна выразна і неаднаразова сказала «не», але ён упарта ігнаруе яе пачуцьці і рашэньні. Дык няўжо аднаўляць стасункі з такім чалавекам — добрая ідэя?
Зрэшты, камэнтатаркі і камэнтатары збольшага не пранікліся спробай выдаць сталкінг за рамантыку і раяць Лене ні ў якім выпадку не вяртацца да Максіма. Хоць не абыходзіцца, вядома ж, і бяз тых, хто называе хлопца героем нашага часу. Ну, масавая культура, якая поўніцца гісторыямі такіх нездаровых стасункаў, прымушае некаторых паверыць, што залежнасьць і сузалежнасьць — гэта норма і нават ідэал.
Але ж зьмяняецца час, зьмяняюцца і ідэалы. Не здавайся, Лена!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.