Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Грузіі прыедзе ў Менск на адкрыцьцё ІІ Эўрапейскіх гульняў 


Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі
Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі

Новаабраная прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі наведае Беларусь 21-22 чэрвеня. Пра гэта паведаміў амбасадар Грузіі ў Беларусі Валеры Кварацхэлія.

Ён удакладніў, што першая ў гісторыі краіны жанчына-прэзыдэнт будзе прысутнічаць на цырымоніі адкрыцьця ІІ Эўрагульняў на менскім стадыёне «Дынама».

Аднак, паводле дыплямата, яе інтарэс не абмяжуецца толькі гэтай спартовай імпрэзай. Таксама заплянаваныя сустрэчы зь беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком ураду Сяргеем Румасам. Таму застанецца ў Беларусі яшчэ і на наступны дзень.

«Я станоўча стаўлюся да таго, што прэзыдэнтам нашай краіны стала жанчына, — сказаў амбасадар. — У жанчын, якія займаюцца палітыкай, шмат плюсаў у параўнаньні з мужчынамі. Таму я разьлічваю, што пад жаночым кіраўніцтвам Грузія дасягне сваёй галоўнай мэты — уступленьня ў Эўразьвяз».

Саламэ Зурабішвілі падчас леташняй выбарнай кампаніі
Саламэ Зурабішвілі падчас леташняй выбарнай кампаніі

Валеры Кварацхэлія расказаў, што дзед Саламэ Зурабішвілі быў удзельнікам знакамітага Грузінскага сходу 1918 году, у выніку якога Грузія была абвешчаная незалежнай краінай. Аднак праз тры гады сытуацыя кардынальна зьмянілася, да ўлады прыйшлі бальшавікі, і ён быў вымушаны эміграваць у Францыю. Там нарадзілася і будучая прэзыдэнтка Грузіі.

Яна працавала ў Міністэрстве замежных спраў Францыі, прадстаўляла францускія інтарэсы ў Тбілісі. Паводле міждзяржаўных пагадненьняў ёй дазволілі мець двайное грамадзянства.

Пасьля завяршэньня дыпляматычнай кадэнцыі Саламэ Зурабішвілі стала міністрам замежных спраў Грузіі, а па выніках апошніх прэзыдэнцкіх выбараў была выбраная кіраўніцай дзяржавы. І такім чынам стала пятым прэзыдэнтам у гісторыі сучаснай Грузіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG