Сёньня зранку я прачытаў у Фэйсбуку паведамленьне: «Сёлета адбудзецца апошні Фэстываль музыкі маладой Беларусі „БАСовішча“, арганізаваны БАСам. Рашэньне не было лёгкім, паверце…»
Паведамленьне глыбока кранула…
І адразу прыгадалася мне першае «Басовішча», якое прайшло 13–14 ліпеня 1990 году. У тое лета ў Польшчы ўсё яшчэ трывала агульнанацыянальнае сьвяткаваньне свабоды, якога пакуль не прыдушыла нішчымніца эканамічнай рэвалюцыі Лешака Бальцэровіча, а ў Беларусі на дварэ ўвесь час стаяў Савецкі Саюз. Таму першае «Басовішча» мне сёньня бачыцца перш за ўсё як Фэстываль беларускай свабоды.
На тым першым, гістарычным, фэстывалі выступілі барды і рок-гурты зь Беларусі: Сяржук Сокалаў-Воюш, Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая, Вольга Цярэшчанка, «Уліс», «Мроя». Быў таксама «поп-фолькавы» гурт зь Віцебску «Грамада», які арганізатары фэстывалю запрасілі, каб старэйшыя насельнікі гарадоцкай зямлі занадта не «ўзбухалі» на «музыку маладой Беларусі». Беластоцкі бок на фэстывалі прадстаўлялі сьпевакі зь гітарай: Эля Бэзюк, Янка Хоха, Дарафей Фіёнік, Адам Ляўчук. Свайго беларускага рок-гурту Беласточчына тады яшчэ ня мела. Дакладней, быў ужо адзін, «Альбаросіка», але пакуль што ён быў на арганізацыйным этапе і не пасьпеў падрыхтаваць праграмы на першае «Басовішча». Таму ў 1990 годзе выступіў з гітарай толькі яго лідэр, Янка Хоха.
У двух першых «Басовішчах» (1990–1991) я ўдзельнічаў як вядоўца, а потым быў яшчэ на пяці-шасьці фэстывалях у лясочку каля Гарадка як звычайны глядач, разявака і піток польскага піва. У нашым стагодзьдзі паехаць на «Басовішча» мне давялося ўсяго раз ці два, тым ня менш кожны год я цікавіўся сьпісам выканаўцаў і з узрушэньнем назіраў, як зьмяняюцца пакаленьні студэнтаў – арганізатараў «Басовішча». Гадоў пяць-шэсьць таму наступіла поўная зьмена пакаленьняў і «Басовішча» пачалі арганізаваць дзеці першых арганізатараў. Напрыклад, Ганна Пякарская, а потым Лідзія Пякарская — дочкі Міраслава і Барбары Пякарскіх, арганізатараў «Басовішча» ў 1990 годзе. Пакаленьне ўнукаў яшчэ не дарасло. Цікава, які фэстываль будзе ў іх…
«Басовішча» доўгі час было найбольшай беларускай рок-імпрэзай. Зь цягам гадоў, калі рок-канцэрты сталі больш-менш звычайнай зьявай і ў Беларусі, «Басовішча» ўсё ж захоўвала сваю спэцыфічную, непаўторную аўру студэнцкага фэстывалю, які ўвесь час ладзіўся непрафэсіяналамі ў палявых абставінах, у лесе, дзе большасьць гледачоў начавала пад намётамі. Гэтая спантаннасьць мела і свае заганы — выканаўцы нярэдка наракалі на арганізацыйную імправізацыю, часам і на арганізацыйныя праколы. На нейкі год ці два дзяржаўны спонсар адабраў права арганізаваць «Басовішча» Беларускаму аб’яднаньню студэнтаў, выведзены з раўнавагі нядбайнымі фінансавымі справаздачамі пасьля фэстывалю. Але потым усё вярнулася да нормы.
Ну і вось сёлета ў ліпені — апошняе, 30-е «Басовішча». Мабыць, паеду. Каб паразважаць з арганізатарамі першых «Басовішчаў» над хуткаплыннасьцю часу і нашага жыцьця. І каб выпіць піва пад гарадоцкімі соснамі…
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.