Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля расейскіх абмежаваньняў Беларусь скараціла экспарт нафтапрадуктаў на 11%


Кантэйнэры з нафтапрадуктамі каля Мазыру
Кантэйнэры з нафтапрадуктамі каля Мазыру

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у першым квартале 2019 года склаў 3 млн тон і ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась зьменшыўся на 11,1% у фізычным вымярэньні, паведамляе БелаПАН.

Як сьведчаць афіцыйныя статыстычныя зьвесткі, у грашовым вымярэньні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў паменшыўся на 241,7 млн даляраў.

Камэнтуючы ў красавіку прычыны скарачэньня экспарту нафтапрадуктаў, намесьнік генэральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб растлумачыў, што гэта адбылося празь дзеяньні Расеі.

«Падзеньне экспарту нафтапрадуктаў у пачатку году адбылося ад павелічэньня паставак на ўнутраны рынак», — адзначыў ён, зьвярнуўшы ўвагу, што дамоўленасьці паміж урадамі Беларусі і Расеі прывялі практычна да спыненьня імпарту расейскіх нафтапрадуктаў.

«Пастаўкі з Расеі ў Беларусь маюць нулявы балянс і з гэтай прычыны беларускі бок забясьпечвае патрэбы ўнутранага рынку (у тым ліку АЗС) у сьветлых нафтапрадуктах. Адпаведна, экспарт беларускіх нафтапрадуктаў паменшыўся», — сказаў Сяргей Грыб.

Расейскія ўлады неаднаразова папракалі Беларусь у рээкспарце нафтавай прадукцыі пад выглядам растваральнікаў, за якія ня трэба было сплочваць мыта. Летась з другога паўгодзьдзя пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў сталі імкліва зьніжацца.

Ад 1 лістапада 2018 году Расея пастаўляе ў Беларусь толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў краіне. У першым квартале Беларусь імпартавала з Расеі 22 тысячы тон нафтапрадуктаў, што амаль у 50 разоў менш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG