16 траўня падчас абмеркаваньня прэзыдэнцкага дэкрэту супраць прапаганды курэньня тры дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выказалі незадаволенасьць зьяўленьнем у Беларусі тытунёвых шапікаў сеткі «Табакерка».
Дэпутат Андрэй Рыбак сказаў, што, паводле ягонай інфармацыі, у Беларусі мяркуюць абсталяваць 2,5 тысячы такіх гандлёвых пунктаў. Такое будаўніцтва, лічыць дэпутат, супярэчыць духу дэкрэту.
«З аднаго боку, мы забараняем распаўсюджваць цыгарэты ва ўстановах мэдыцыны, адукацыі, а з другога боку, за нейкіх 150 мэтраў ад іх гэта ўсё свабодна прадаецца ў «Табакерках». Нібыта забаранілі выкладаць тытунь у крамах над касамі, каб ня муляла вока, і тут жа ўсё тая ж «Табакерка».
Андрэй Рыбак прапанаваў міністру антыманапольнага рэлуляваньня і гандлю Ўладзімеру Калтовічу падумаць над гэтай праблемай.
У сваю чаргу дэпутат Дзьмітры Шаўцоў таксама лічыць, што «Табакеркам» у Беларусі ня месца.
«Наша краіна спартовая, пра гэта ведае ўвесь сьвет. Таму насаджэньне адмысловых шапікаў для курцоў, безумоўна, нашкодзіць такому іміджу», — перакананы ён.
Дэпутатка Вольга Палітыка расказала пра выпадак, якому яна стала сьведкай:
«Я бачыла хлопчыка з бацькам, які абураўся: чаму маё дзіця павінна вучыцца чытаць па шыльдзе „Табакерка“?»
Пры абмеркаваньні пытаньня ў Авальнай залі былі агучаныя зьвесткі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя: ад хваробаў, выкліканых паленьнем, у Беларусі штогод памірае прыкладна 15 тясяч чалавек.
Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»
У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.
Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.
У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.
Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.
У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.
Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.