Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея падпіша пагадненьне аб кампэнсацыі замежным кампаніям за брудную нафту


На нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу, архіўнае фота
На нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу, архіўнае фота

Міжнародная асацыяцыя транспартавальнікаў нафты ініцыявала падпісаньне з расейскім ААТ «Транснефть» дадатковага пагадненьня, якое дапаможа вызначыць памеры, тэрміны і ўмовы кампэнсацыі выдаткаў на выцясьненьне з нафтаправоду «Дружба» бруднай нафты.

Рашэньне аб падпісаньні кампэнсацыйнага пагадненьня было ўхваленае 14 траўня ў Браціславе (Славаччына) на пасяджэньні Міжнароднай асацыяцыі транспартавальнікаў нафты. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі расейскай кампаніі «Транснефть», вугорскай групы MOL, славацкай кампаніі Transpetrol, украінскага апэратара «Укртранснафта» і беларускага прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба».

«Паколькі ўрэгуляваньне гэтага пытаньня не прадугледжана дзейным пагадненьнем аб паслугах транзыту расейскай нафты, замоўнікам якіх зьяўляецца ААТ „Транснефть“, бакі ўзгадняюць дадатковае пагадненьне, згодна зь якім будзе адбывацца разьлік, будуць вызначацца тэрміны і ўмовы кампэнсацыі дадатковых выдаткаў на правядзеньне нестандартных работ, зьвязаных з выцясьненьнем некандыцыйнай нафты з нафтаправоду „Дружба“», — паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім прадпрыемстве «Укртранснафта».

Паводле ўкраінскага боку, на поўную прапампоўку некандыцыйнай нафты Urals з тэрыторыі Ўкраіны ў Вугоршчыну і Славаччыну патрэбна ад 4 да 6 месяцаў.

«Гэты тэрмін залежыць ад канцэнтрацыі хлёрарганічных злучэньняў у рэштках сыравіны. Цяпер кампанія вызваліла адну нітку нафтаправоду „Дружба“ ад бруднай нафты, што дазволіла аднавіць транзыт па ўкраінскім участку нафтаправоду», — дадалі ў прэсавай службе ўкраінскага прадпрыемства.

«Белнафтахім»: Каб вызначыць усю суму кампэнсацыі, трэба спыняць абсталяваньне

​Дакладныя сумы кампэнсацый за пастаўкі бруднай расейскай нафты яшчэ ня вызначаныя, паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе канцэрну «Белнафтахім».

«Канчатковыя сумы будуць вядомыя пасьля таго, як будзе абсьледавана абсталяваньне. А абсьледаваць яго магчыма толькі падчас капітальнага рамонту і спыненьня гэтага абсталяваньня. І гэта будзе не цяпер, а ў канцы лета».

Намесьнік генэральнага дырэктара ААТ «Нафтан» па вытворчасьці Сяргей Алтухоў сказаў журналістам, што цяпер прадпрыемства «актыўна вядзе прэтэнзійную працу» адносна кампаній, якія ня выканалі свае абавязаньні ў пастаўках якаснай нафты. «Службы нафтахімічнага комплексу робяць разьлікі недаатрыманых даходаў, панесеных выдаткаў», — паведаміў Сяргей Алтухоў.

Каб прадухіліць пастаўкі няякаснай расейскай нафты, «Нафтан» вымушаны быў рэзка зьнізіць аб’ёмы перапрацоўкі сыравіны. Была спыненая перапрацоўка нафты на новай устаноўцы АТ-8, уведзенай у эксплюатацыю ў 2017 годзе. Прадпрыемства з 20 красавіка і дагэтуль вымушана працаваць на зьніжанай загрузцы. Нафты, якая паступае па трубаправодзе Сургут — Полацак, не хапае, каб загрузіць вытворчасьць. Якасная нафта ў патрэбным абʼёме так і не паступіла на прадпрыемства.

Раней старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў сказаў журналістам, што цяпер Мазырскі НПЗ працуе ў штатным рэжыме. Але патрэбна «велізарная тэхналягічная праца», каб пазбавіцца ад рэштак няякаснай нафты і ацаніць «усе магчымыя страты, усе магчымыя наступствы як для субʼектаў гаспадараньня Рэспублікі Беларусь, так і для краіны ў цэлым». Далей з расейскім бокам будуць «адпрацаваныя мэханізмы кампэнсацыі ад гэтых страт».

У прэс-службе расейскай кампаніі «Транснефть» ад камэнтароў адмовіліся.

Лукашэнка: «Думаю, мы разьбяромся, хто каму што вінен»

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

​Паводле Аляксандра Лукашэнкі, пры падліку ўрону будуць улічвацца некалькі складнікаў:

  • велізарны ўрон, нанесены нафтаправоду,
  • урон абсталяваньню на нафтаправодах (помпы на саміх станцыях і ўсё іншае)
  • урон, нанесены НПЗ.

«І гэта велізарная шкода, якая была нанесена краіне. Мы недаатрымалі пэўны прыбытак, валютную выручку, транзыт — мы велізарныя грошы страцілі. Гэта сотні мільёнаў даляраў. Журналісты часта гэтую суму называюць, яны недалёкія ад праўды», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, пытаньне канкрэтнай сумы і мэханізму кампэнсацыі страт беларускаму боку ад паставак няякаснай расейскай нафты з прэзыдэнтам Расеі не абмяркоўвалася. Аднак Уладзімір Пуцін у публічных выступах прызнаваў наяўнасьць шкоды.

«Мы больш за ўсё страцілі ад гэтага. Ён публічна прызнаў, што гэта велізарны ўрон. Які? Спэцыялісты палічаць. Думаю, расейцы не павінны гэта аспрэчваць. Што, мы з расейцамі пойдзем судзіцца ў гэтым пытаньні? Думаю, мы разьбяромся, хто каму што вінен», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG