У Брусэлі на 7-м Сусьветным кангрэсе супраць сьмяротнага пакараньня адбылася панэльная дыскусія «Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць сьмяротнае пакараньне?»
Удзельнічалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і Андрэй Палуда, спэцдакладчык ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, кіраўніца аддзелу каардынацыі і міжнароднага супрацоўніцтва Генэральнага ўпраўленьня правоў чалавека і вяршэнства права Рады Эўропы Тацяна Тэрмачыч, сваякі пакараных Любоў Кавалёва і Аляксандра Якавіцкая, а таксама намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і кіраўнік рабочай групы ў вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня Нацыянальнага сходу Беларусі Андрэй Навумовіч.
Мадэратарам дыскусіі была Юлія Ўанон зь Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH).
Як адзначае сайт «Вясны», у сваім выступе Валянцін Стэфановіч расказаў, як сьмяротнае пакараньне выглядае ў Беларусі паводле працэдураў і заканадаўства.
«Сьмяротнае пакараньне — гэта наша мінулае, якое перакачавала з савецкага часу, дзе яго выкарыстоўвалі ў розныя часы па-рознаму, у тым ліку па эканамічных артыкулах. Нягледзячы на тое, што ад 1999 году назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя на зьніжэньне колькасьці сьмяротных прысудаў у Беларусі, усё адно яны дагэтуль прыводзяцца ў выкананьне», — заявіў праваабаронца.
Ён акрэсьліў і такія прававыя праблемы, як вынясеньне смяротных прысудаў Вярхоўным судом у якасьці першай інстанцыі, калі асуджаныя ня маюць магчымасьці абскардзіць вырак у апэляцыйным парадку.
«У выніку сьмяротныя прысуды часта прыводзяцца ў выкананьне вельмі хутка, на працягу двух месяцаў пасьля вынясеньня, як гэта было ў выпадку з Уладзіславам Кавалёвым і Дзьмітрыем Канавалавым (меркаваныя арганізатары і выканаўцы тэракту ў менскім мэтро. — РС)», — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца зьвярнуў увагу і на праблему ігнараваньня Беларусьсю мэханізмаў ААН — невыкананьне рашэньняў Камітэту правоў чалавека (КПЧ) і спэцыяльных працэдураў: зафіксавана дзесяць выпадкаў, калі пасьля рэгістрацыі індывідуальных зваротаў у камітэт людзі былі расстраляныя, нягледзячы на тое, што былі распачатыя тэрміновыя працэдуры. Сем рашэньняў КПЧ вынес аб прызнаньні парушэньня права на жыцьцё Рэспублікай Беларусь.
Кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу ў вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакарання Андрэй Навумовіч падчас выступу сказаў, што яны актыўна працуюць, езьдзяць па рэгіёнах зь міжнароднымі экспэртамі, сустракаюцца са студэнтамі. Калі яго запыталі, што можна лічыць вызначэньнем эфэктыўнасці працы камісіі, ён адказаў: калі колькасьць людзей, што выступаюць у падтрымку сьмяротнага пакараньня, стане ніжэйшай за 50% , тады гэта будзе падставай для прыняцьця адпаведных рашэньняў.
На што прадстаўнікі міжнародных арганізацый адказалі, што грамадзкая думка не статычная, і яны ня ведаюць прыкладаў, калі сьмяротнае пакараньне адмянялася ў выніку рэфэрэндумаў.
7-ы Сусьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня — найбуйнейшая міжнародная падзея, прысьвечаная адмене сьмяротнага пакараньня. Форум аб’ядноўвае палітыкаў, актывістаў, юрыстаў, дасьледчыкаў, якія ўдзельнічаюць у барацьбе за адмену найвышэйшай меры.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе па-ранейшаму рэгулярна і ў рэжыме поўнай сакрэтнасьці выконваюцца сьмяротныя прысуды. Нягледзячы на спробы праваабарончых арганізацый дамагчыся адмены ці хаця б мараторыю на сьмяротнае пакараньне, суды кожны год выносяць сьмяротныя прысуды.