Беларусь і Эўразьвяз пакуль не дасягнулі высокага ўзроўню разьвіцьця стасункаў, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей журналістам перад сустрэчай кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краінаў Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства», паведамляе БелТА.
«Прыйдзе час, прыедзе і прэзыдэнт. Пакуль мы ня можам казаць аб тым, што мы дасягнулі высокага ўзроўню разьвіцьця нашых адносінаў з Эўрапейскім зьвязам», — адзначыў Макей.
Міністар канстатаваў, што ў супрацоўніцтве паміж бакамі да гэтага часу захоўваюцца некаторыя абмежаваньні, і нават удзел кіраўніка Беларусі ў імпрэзах, прымеркаваных да 10-годзьдзя «Ўсходняга партнэрства», ня даў бы стоадсоткавай аддачы.
«Візыт (Лукашэнкі — РС) павінен быць максымальна выніковым, максымальна насычаным. Мы зыходзім з такіх падыходаў, — сказаў Макей. — Але ў кожным выпадку сустрэчы, якія мы правядзём тут, будуць вельмі важныя для ўсіх бакоў».
У красавіку 2019 году Аляксандра Лукашэнку запрасілі ў Брусэль разам зь іншымі пяцьцю прэзыдэнтамі краінаў «Ўсходняга партнэрства» — Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, але пазьней МЗС Беларусі паведаміла, што Беларусь на імпрэзах у гонар 10-годзьдзя праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» будзе прадстаўляць Уладзімер Макей.
Упершыню Лукашэнку афіцыйна запрасілі на саміт «Усходняга партнэрства» у Брусэлі 24 лістапада 2017 году. На папярэдніх самітах гэтай ініцыятывы ЭЗ афіцыйнаму Менску запрашэньні накіроўваліся, але ў даволі двухсэнсоўнай форме, маўляў, вядома, рады будзем гасьцям, але асабіста прэзыдэнту беларускаму лепш было б ад паездкі ўстрымацца.
«Усходняе партнэрства» — гэта праект Эўразьвязу ад 2009 году, які мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.