Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што 10 траўня прыйшоў ва ўпраўленьне спэцрасьсьледаваньняў Генпракуратуры і адказаў на дадатковыя пытаньні сьледчых аб падзеях Эўрамайдану.
«Сёньня паўторна даў паказаньні пракурорам у расьсьледаваньні справы аб злачынствах супраць удзельнікаў Рэвалюцыі годнасьці на Майдане ў 2014 годзе. Спадзяюся, мае адказы на дадатковыя пытаньні дапамогуць у завяршэньні сьледзтва. Гэта справа надзвычай важная для ўкраінскага грамадзтва. Перакананы, усе вінаватыя павінны быць абавязкова пакараныя», — падкрэсьліў Пятро Парашэнка.
7 траўня Парашэнка ня змог прыйсьці ў Генпракуратуру, пацьвердзіў кіраўнік упраўленьня Сяргей Гарбацюк. Першы допыт прэзыдэнта з гэтай нагоды адбыўся яшчэ 18 лістапада 2016 году і працягваўся 6 гадзінаў.
Допыт, пра які ідзе гаворка, тычыцца падзеяў 18 і 19 лютага 2014 году, а таксама агульных пытаньняў арганізацыі мітынгаў і інфармацыі па супрацьдзеяньні пратэставым акцыям, распавёў кіраўнік упраўленьня спэцыяльных расьсьледаваньняў Генпракуратуры Сяргей Гарбацюк.
Эўрамайдан пачаўся 21 лістапада 2013 году ў Кіеве з акцыі пратэсту ў адказ на прыпыненьне урадам Віктара Януковіча падрыхтоўкі да падпісаньня Дамовы аб асацыяцыі паміж Эўразьвязам і Ўкраінай. Выступы прайшлі ня толькі ў сталіцы, але і ў шэрагу іншых гарадоў Украіны. Пасьля разгону намётавага мястэчка апазыцыі ў ноч з 29 на 30 лістапада акцыя перарасла ў шырокія антыпрэзыдэнцкія пратэсты.
Масавыя выступы доўжыліся аж да 21 лютага, калі Віктар Януковіч, які на той момант займаў пасаду прэзыдэнта Ўкраіны, уцёк з краіны. У ходзе пратэстаў у пэрыяд зь лістапада 2013 да красавіка 2014 году ў Кіеве і рэгіёнах загінулі 106 чалавек, сярод іх быў і беларус Міхась Жызьнеўскі. Расьсьледаваньне забойстваў на Майдане да гэтага часу не завершанае.