Пасьля вызваленьня Міхаіла Бабіча ад пасады пасла Расеі ў Беларусі пасольства РФ у Менску ўзначальвае саветнік-пасланьнік, часовы павераны Ўладзімір Андрэеў. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар расейскага пасольства Аляксей Маскалёў.
Паводле яго слоў, у дыпмісіі ня маюць інфармацыі пра магчымыя тэрміны прыезду ў Менск новага пасла Дзьмітрыя Мезенцава.
«Пасольства будзе ўзначальваць часовы павераны, пакуль праводзяцца неабходныя працэдуры», — сказаў прэс-сакратар. Пры гэтым ён не ўдакладніў, ці выехаў Міхаіл Бабіч зь Беларусі.
30 красавіка ўказам Уладзімера Пуціна Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта РФ па разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю «ў сувязі з пераходам на іншую працу». На пасадзе пасла ён прапрацаваў каля васьмі месяцаў.
Новым паслом прызначаны чалец Савета Фэдэрацыі Расеі Дзьмітрый Мезенцаў. Пры гэтым ён не прызначаны спэцпрадстаўніком Пуціна па разьвіцьці гандлёва-эканамічных стасункаў зь Беларусьсю. Паводле слоў прэс-сакратара прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Пяскова, кадравыя рашэньні Пуціна прынятыя «ў адпаведнасьці з мэтазгоднасьцю». Аднак, як лічаць экспэрты, прычынай адстаўкі Бабіча сталі яго напружаныя адносіны зь беларускім кіраўніцтвам і, у прыватнасьці, зь Міністэрствам замежных спраў.