На Радаўніцу ў Азярычыне, што ў Пухавіцкім раёне, у незвычайны спосаб ушанавалі адразу ўсіх спачылых аднавяскоўцаў. Імпрэзу зладзілі браты Зьміцер і Юрась Санькі. Яны прэзэнтавалі землякам кнігу пра іх родную вёску, што днямі зьявілася з друку ў менскім выдавецтве «Тэхналёгія».
Таўшчэзны фаліянт альбомнага фармату — такі падарунак ня кожны вялікі горад мае, а тут усяго пра невядомую большасьці чытачоў вёску. Але аўтары лічаць, што іх радзіма вартая падобнага выданьня. І з гонарам пішуць пра гэта, ужо ў саму назву закладаючы свае прызнаньні ў любові і пашане — «Слаўнае сяло Азярычына»:
«Наш век кароткі. Раней ці пазьней настае момант, калі даводзіцца разьвітвацца з гэтым сьветам. Колькі ні красуйся, а ўсё туды гатуйся. А што па нас застаецца? Памяць блізкіх ды камень».
Кніга мае падзагаловак «Сьвет нашых продкаў», які дакладна адлюстроўвае задуму аўтараў — ня толькі памяць блізкіх ды камень засталіся па сканчэньні зямнога веку аднавяскоўцаў. Бо людзі жылі тут здавён, прынамсі, археолягі выявілі ў ваколіцах каменныя прылады працы і кераміку жалезнай эпохі. І цэлы разьдзел кнігі прысьвечаны дапісьмовай гісторыі Азярычына. Нейкі далёкі продак цяперашніх азярыкоў (саманазва жыхароў вёскі), магчыма, сек тымі сякерамі дрэвы ці варыў у гаршчку зацірку на полудзень.
А вось у зьмешчаных у кнізе дакумэнтах дзевятнаццатага стагодзьдзя ўжо больш рэальна знайсьці знаёмыя ці нават родныя прозьвішчы. Аматараў моўных цікавінак захопіць разьдзел «Азярыцкая гаворка», у якім, між іншых, сустракаем абсалютна незразумелыя не тамтэйшаму чалавеку словы. Да прыкладу, што гэта такое — шарэш, увярот, трымбулька, стрэньні, смаголь? І такіх бліскавінак тут вы знойдзеце больш тысячы двухсот. Ды яшчэ запісы жывой гаворкі з вуснаў азярыкоў.
А песьняў аднавяскоўцаў аўтары запісалі дзевяноста, з нотамі і тэкстамі. Мясцовыя імёны прыдадуцца тым, хто хоча назваць дзіця аўтэнтычнаю формай, не зьнявечанай савецкімі іменьнікамі. Мясцовая тапаніміка (каб ведалі і нашчадкам перадалі жывыя) і прапановы помнікаў, узьвесьці якія на радзіме аўтары заклікаюць неабыякавых да сваёй спадчыны вяскоўцаў.
Асабістыя ўспаміны з жыцьця аўтараў у Азярычыне надаюць кнізе асаблівую даверлівасьць і шчымлівую замілаванасьць месцам сваёй любові. Фантастычна прыгожыя людзі глядзяць на нас з безьлічы фотаздымкаў, самыя старыя зь якіх датуюцца дзясятымі гадамі мінулага стагодзьдзя.
Кніга выклікала надзвычайную ўвагу ў Азярычыне. Яе прэзэнтацыя — адмыслова прымеркаваная да дня вясновага ўшанаваньня памерлых. На яе прыйшло больш за сто чалавек. Пяцідзесяці прывезеных з выдавецтва асобнікаў не хапіла ўсім ахвотным набыць кнігу.