Паўночная Карэя зрабіла выпрабаваньне тактычнай ракеты Падрабязнасьці пакуль не паведамляюцца. Працягваецца аналіз дадзеных выведкі.
У сярэдзіне красавіка лідэр КНДР Кім Чэн Ын прысутнічаў на выпрабаваньні новага тыпу «кіраванай ракеты тактычнага прызначэньня».
Паводле амэрыканскіх экспэртаў, гэтыя выпрабаваньні выкарыстоўваюцца Пхеньянам для ціску на Вашынгтон на фоне безвыніковых перамоваў аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава.
Другі амэрыкана-паўночнакарэйскі саміт, які адбыўся ў лютым, не прынёс вынікаў, паколькі Кім не пагадзіўся цалкам згарнуць свае ракетна-ядзерныя праекты ў абмен на паслабленьне санкцый.
Паводле паўночнакарэйскіх СМІ, насельніцтва краіны «гатова жыць на вадзе і паветры», але не саступіць замежнаму націску. Пхеньян дае Вашынгтону час да канца года «праявіць гнуткасьць», у адваротным выпадку ён знойдзе «іншыя шляхі» забясьпечыць сваю бясьпеку.
Аналітыкі лічаць, што гаворка можа ісьці аб аднаўленьні выпрабаваньняў забароненых узбраеньняў.
З лістапада 2017 года Пхеньян выконвае мараторый на выпрабаваньні ядзерных зарадаў і пускі міжкантынэнтальных балістычных ракет.
Цяперашні тэст не парушае мараторыя, але, на думку The New York Times, кідае цень на сьцьвярджэньні Дональда Трампа аб тым, што дзякуючы яму адносіны з Паўночнай Карэяй фундамэнтальна зьмяніліся да лепшага.