Што і калі варта паглядзець у мясьцінах, дзе віруе беларускае жыцьцё? Свабода дапаможа зарыентавацца.
1 траўня. Менск, «Богі і духі Беларусі»
У менскім пікнік-парку «Дрымлэнд» 1 траўня стартуе фэстываль гіганцкіх скульптур зь пяску «Богі і духі Беларусі». Ад 18 траўня будзе ўключаны дадатковы рэжым працы — пасьля захаду сонца.
Галоўная тэма выставы пад адкрытым небам — міталёгія краю. Героі розных паданьняў ажывуць у пясчаных скульптурах. Будзе тут і гіганцкі Цмок, і магутны Пярун, і іншыя пэрсанажы зь легендаў і мітаў старажытнай Беларусі.
Аўтарамі незвычайнай экспазыцыі стануць як беларускія, так і замежныя скульптары.
Адным зь першых скульптуры зь пяску ў Беларусі пачаў рабіць Гэнік Лойка. У ягоным творчым набытку пленэры ў Наваградку, Крэве, Заслаўі, Магілёве, Менску, дзе героямі станавіліся вядомыя гістарычныя пэрсанажы. Але ў гэтым фэсьце Гэнік Лойка ўдзелу не бярэ.
3 траўня. Глыбокае, «Дударскі рэй — 2019»
Глыбокае прыме фэстываль «Дударскі рэй — 2019». Выступяць дудары з рэгіёнаў Харвацкае Загор’е (Харватыя), Радовіш (Македонія), Вялікапольшча (Польшча), Паазерʼе (Беларусь). Музыкі пакажуць адзін з найстаражытнейшых інструмэнтаў, прадэманструюць уласнае майстэрства, падзеляцца сакрэтамі рэканструкцыі дуды.
Адкрыецца імпрэза на алеі славутых землякоў у Глыбокім. У гэты ж дзень пройдзе шэсьце дудароў і канцэрты ў гарадзкім пасёлку Падсьвільле і санаторна-курортным комплексе «Пліса». Наступны дзень — сустрэчы з арганізатарамі і ўдзельнікамі фэстывалю ў Глыбоцкай цэнтральнай бібліятэцы, майстар-кляса і танцавальная вечарына ў гарадзкім Доме культуры.
Завершыцца «Дударскі рэй» урачыстай службай у касьцёле Бязгрэшнага зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Удзела пад музычнае суправаджэньне ўдзельнікаў фэсту.
4 траўня. Азярцо, сьвята «Юр’я»
Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту запрашае 4 траўня на абрадавае сьвята Юр’я (16.00-17.30).
Юр’я — старадаўняе сьвята земляробчага календара ў гонар заступніка жывёлы і гаспадаркі. Да гэтага дня прымяркоўваўся першы выган статку ў поле, «на юр’еву расу», якая, як лічыцца, мае цудадзейную моц. Таксама выводзілі на начлег коней: лічылася, што Юр’я замыкае ваўкам раты і табун не рызыкуе стаць ахвярай драпежнікаў. У гэты дзень рабілі абыход палёў, варажылі пра будучы ўраджай. Качаліся па ніве, каб зямля радзіла і давала здароўе. Моладзь сьпявала юраўскія песьні.
З гэтай нагоды супрацоўнікі музэя арганізуюць майстар-кляса па вырабе лялькі-коніка, зладзяць традыцыйны абыход двароў, распавядуць пра ікону Сьвятога Юр’я і традыцыі сьвяткаваньня. Імпрэза будзе суправаджацца сьпевамі, народнымі гульнямі і танцамі.
5 траўня. Радзіма Станіслава Манюшкі
5 траўня споўніцца 200 гадоў Станіславу Манюшку — аднаму з самых славутых кампазытараў за ўсю гісторыю беларускага краю. Чым не нагода наведаць мясьціны ягонага дзяцінства — Убель і Сьмілавічы?
Аўтар сотняў песень, опэр, апэрэт, балетаў, рэквіюмаў зьявіўся на сьвет у фальварку Убель Ігуменскага павету (цяпер Чэрвеньскі раён). Ад сядзібы нічога не засталося, толькі засыпаныя камяні падмурку ды фрагмэнт парку са старой таполяй — адзінай сьведкай колішняга велікасьвецкага жыцьця. Цяпер гэта тэрыторыя санаторыю менскіх транспартнікаў «Волма».
Такую ж важную ролю, як і Убель, у жыцьці будучага кампазытара адыгралі Сьмілавічы. Тут у касьцёле, які да нашых дзён не захаваўся, ён быў ахрышчаны. А велічны палац дзеда Станіслава Манюшкі-старэйшага стаў месцам дзеяньня опэры «Страшны двор»: рэха старога гадзіньніка разносілася «срэбным звонам» пасярод гатычных сьценаў.
Дзясяткі гадоў фамільны палац занепадаў. Сярод апошніх яго кватарантаў — сельскагаспадарчы тэхнікум, пад патрэбы якога будынак кардынальна перабудоўвалі. Балазе, не паднялася рука на ўнікальную замкавую вежу з абароннымі зубцамі. Цяпер тут назіраюцца прыкметы рэстаўрацыйнай актыўнасьці — знайшоўся прыватны інвэстар.
7 траўня. Радаўніца, Гомельская вобласьць
Адміністрацыя зон адчужэньня і адсяленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі паведамляе, што на Радаўніцу (дзень ушанаваньня памерлых) 7 траўня будзе дазволены праезд бяз пропускаў да могілак на тэрыторыях зон адчужэньня. Пры гэтым рэгістрацыя на кантрольна-прапускных пунктах не адмяняецца.
Час знаходжаньня на пахаваньнях — ад 9-й да 17-й гадзіны. Для наведваньня могілак неабходна мець пашпарт ці іншы дакумэнт, які сьведчыць асобу, а таксама дакумэнты на транспарт. Тэрыторыя радыяцыйна-экалягічнага запаведніку ў Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах адначасова адносяцца да памежнай зоны, таму пры яе наведваньні замежныя грамадзяне павінны атрымаць пропуск у тэрытарыяльных органах памежнай службы.
Заяжджаць на тэрыторыю Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка неабходна толькі праз кантрольна-прапускныя пункты — на выезьдзе будзе праводзіцца радыяцыйны кантроль.
18-25 траўня. Магілёў, «Магутны Божа»
Паўтара дзясятка краін возьмуць удзел у XXIII міжнародным фэстывалі «Магутны Божа», які пройдзе ў Магілёве з 18 па 25 траўня, паведамляе ўпраўленьне культуры Магілёўскага гарвыканкаму. Арганізатары ўпершыню чакаюць гасьцей з Партугаліі, Швэцыі і Аўстрыі. Усяго плянуецца больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў.
Праграма традыцыйна прапануе выступы прадстаўнікоў трох хрысьціянскіх канфэсій: праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай.
У касьцёле Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьв. Станіслава, зь якога пачыналася гісторыя фэстывалю, будзе праходзіць міжнародны конкурс харавых і вакальных калектываў. Відовішчным абяцае стаць галя-канцэрт 18 траўня.
У межах імпрэзы пройдуць выставы і літаратурна-музычныя праграмы, у тым ліку на адкрытых пляцоўках і ў Гарадзкім цэнтры культуры і адпачынку, канцэрты — у абласным доме культуры, на стадыёне «Спартак», у ратушы, у гарадзкім сквэры.
Плошча Зорак стане пляцоўкай для моладзевай аўдыторыі: тут адбудзецца канцэрт духоўнай музыкі і паэзіі.
18 траўня. Горадня, «Каралеўскі горад»
Фонд «Краіна замкаў» запрашае ў каралеўскую Горадню — горад каралёў і рыцараў. Месца стала сьведкам незьлічоных бітваў, у мясцовым музэі захоўваецца тэўтонскі меч, на лязе якога напісана «Пі кроў» — яшчэ ў XIV стагодзьдзі са сваім атрадам да Бэрліну дайшоў горадзенскі князь Давід, зяць Гедзіміна.
Горадзенскі замак узводзіў вялікі князь Вітаўт, а перабудаваў і заснаваў тут сваю рэзыдэнцыю адзін з самых вядомых каралёў Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. Тут жа ён і памёр у 1586 годзе. Як і каралевіч Казімір, які ў пачатку XVII стагодзьдзя быў кананізаваны і стаў заступнікам ВКЛ. У Горадні праходзілі соймы Рэчы Паспалітай, калі зь Вільні, Познані, Кракава, Варшавы, Львова, Кіеву, Віцебску, Менску зьяжджалася шляхта, каб вырашаць лёс шматнацыянальнай дзяржавы.
Горад памятае Тадэвуша Касьцюшку, Якуба Ясінскага, Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага, Элізу Ажэшку, Антонія Тызенгаўза, Напалеона Орду.
Акрамя пласта гістарычнай памяці, тут ёсьць выдатныя помнікі. Гэта і Барысаглебская царква ХІІ стагодзьдзя, і вытанчаныя каталіцкія сьвятыні, і фарны (былы езуіцкі) касьцёл XVIII стагодзьдзя. Але галоўныя візытоўкі — каралеўскія замкі: Стары замак (XIV-XVI стст.) Вітаўта і Баторыя і Новы замак (XVIII ст.) апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
25 траўня. Таямніцы Мірскага графства
Аўтарская вандроўка з канцэртам па гістарычных мясьцінах з музыкам, гісторыкам, «неабыякавым экскурсаводам» Аляксеем Фраловым.
Падчас паездкі можна пазнаёміцца з найцікавейшымі старонкамі гісторыі і культуры на землях колішняга Мірскага графства з постацямі Радзівілаў, роду Ільлінічаў, навукоўца Ігната Дамейкі ды многіх іншых.
Царква Сьвятога Аляксандра Неўскага ў Сталовічах была збудаваная ў XVII стагодзьдзі як каталіцкі касьцёл — адзіны храм на тэрыторыі Беларусі, які належаў рыцарам Мальтыйскага ордэна. Далей — вёска Вольна з царквой Сьвятой Тройцы ў стылі ракако; мястэчка Паланэчка — палац Мацея Радзівіла і драўляны касьцёл; Жухавічы — драўляная царква ў стылі барока. Мірскі замак па-новаму адкрыецца сваімі інтэрʼерамі, а паркавы прамэнад і капліца Сьвятаполк-Мірскіх дапоўняць карціну помніка культуры сусьветнага значэньня.
Празь якую вежу праходзіць цэнтар Эўропы, куды зьніклі слынныя карэліцкія габэлены, якія абарончыя таямніцы хавае замак? Адказы паспрабуе даць Аляксей Фралоў.
25-26 траўня. Тураў, фэстываль кулікоў
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ладзіць у старажытным Тураве VIII фэстываль кулікоў. У праграме — чэмпіянат па фотабёрдынгу, канцэрты, забавы.
Імпрэза праводзіцца побач з унікальным прыродным кутком — гэта Тураўскае балоньне. Яно мае статус тэрыторыі, важнай для птушак міжнароднай значнасьці, і ад 2008 году абвешчана біялягічным заказьнікам. Гэта адно з самых важных месцаў для гнездаваньня і адпачынку водна-балотных птушак падчас міграцыі ў Эўропе.
У абодва дні заплянаваныя экскурсіі па горадзе і на першую ў Беларусі станцыю кальцаваньня, назіраньне за птушкамі з арнітолягамі.
25 траўня пройдзе чэмпіянат па фотабёрдынгу (хто здыме больш відаў за абмежаваны час). Таксама ў гэты дзень адбудзецца лекцыя ад Цэнтру экалягічных рашэньняў, сустрэча ля вогнішча на беразе Прыпяці з паэткай Настай Кудасавай і сьпеўны сход зь Сержуком Доўгушавым.
26 траўня пройдуць фотавыставы «Стары Тураў», «Палесьсе ў міжваенны час» і «Прырода Беларусі», майстар-клясы па вырабе гліняных сьвісьцёлак, кулічкоў з паперы ды воўны, а таксама птушыных прынтоў на торбах. У праграме дня — выступы гуртоў Akute і «Рэха».