Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) удзячная Беларусі за яе намаганьні па пераадоленьні ўкраінскага крызысу, аднак намаганьні краіны на міжнароднай арэне павінны натхніць Беларусь праводзіць дэмакратычныя рэформы. Пра гэта заявіў старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, прадстаўнік Грузіі Георгі Цэрэтэлі 29 красавіка ў Менску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«У сьвятле працягу ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне я ўдзячны за тое, што Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае зь міжнароднай супольнасьцю, каб падтрымаць пасярэдніцкія намаганьні і палегчыць чалавечыя пакуты. Гэтыя намаганьні на міжнароднай арэне павінны натхніць Беларусь таксама выканаць абавязацельствы па дэмакратычных рэформах і гарантаваць, што ўсе беларускія галасы будуць пачутыя», — прыводзіць словы Цэрэтэлі прэс-служба АБСЭ.
На сустрэчы з Цэрэтэлі Лукашэнка заявіў, што кіраўнікам дзяржаў АБСЭ трэба сустрэцца для вырашэньня праблем. «Пагадзіцеся, назапасілася вельмі шмат праблем у нас тут у агульным доме, якія трэба вырашаць: і Нагорны Карабах, і Прыднястроўе, шмат іншых менш значных і гучных праблем. Дадалася Ўкраіна», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
Паводле Лукашэнкі, ён, можа быць, занадта часта крытыкуе АБСЭ за слабую рэакцыю на гэтыя праблемы, але іх вырашэньне —непасрэдная праца арганізацыі. «Гэта арганізацыя перш за ўсё па бясьпецы на Эўрапейскім кантынэнце, і заплюшчваць сёньня вочы на гэтыя праблемы ні ў якім разе нельга», — заявіў Лукашэнка. Ён дадаў, што ўжо доўгі час на пляцоўцы АБСЭ не праводзяцца сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, на якіх можна было б абмеркаваць бягучыя пытаньні і намеціць шляхі выхаду зь сытуацыі, што склалася.
Цэрэтэлі таксама сустрэўся са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам і кіраўніком дэлегацыі Беларусі ў ПА АБСЭ, намесьнікам старшыні ніжняй палаты Баляславам Пірштуком. «Цэрэтэлі заклікаў сваіх партнэраў выкарыстоўваць інструмэнты АБСЭ і павялічыць уклад грамадзянскай супольнасьці ў паглыбленьне дэмакратычных рэформаў», — удакладнілі ў прэс-службе.