Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка не пагадзіўся з прапановай Уладзіміра Зяленскага, які заменіць яго ў прэзыдэнцкім крэсьле, пра магчымасьць даваць украінскае грамадзянства грамадзянам Расеі.
«Мы ня будзем успрымаць, што хтосьці расейцам зараз будзе надаваць сьвятое ўкраінскае грамадзянства. Таму што яны яго прымуць, усе 140 мільёнаў, бо ў нас лепш», — сказаў Парашэнка, выступаючы ў панядзелак у Львове. Ён дадаў, што ўкраінскае грамадзянства — гэта «высокі гонар».
Сам Парашэнка за пяць гадоў знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта надаў грамадзянства Ўкраіны шэрагу грамадзян Расеі, у тым ліку, у прыватнасьці, Марыі Гайдар. Гэта, аднак, не насіла масавага характару.
Уладзімір Зяленскі, які на выбарах 21 красавіка атрымаў перамогу над Парашэнкам, раней заявіў, што Ўкраіна гатовая даваць сваё грамадзянства расейцам, якія «церпяць ад аўтарытарнага карумпаванага рэжыму». Заява Зяленскага была адказам на ўказ прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб спрошчаным парадку выдачы расейскіх пашпартоў для жыхароў так званых «ДНР» і «ЛНР» і на яго заявы пра магчымасьць спрасьціць атрыманьне грамадзянства Расеі для ўсіх грамадзян Украіны.
Пуцін у панядзелак адказаў, што «рады»прапанове абранага прэзыдэнта Ўкраіны і што расейцы і ўкраінцы выйграюць ад таго, што ў іх будзе, як ён выказаўся, «агульнае» грамадзянства. Пуцін ізноў паўтарыў свой тэзіс, што рускія і ўкраінцы гэта, па сутнасьці, адзін народ.
Уладзімір Пуцін таксама параіў Зяленскаму вярнуць украінскі пашпарт былому губэрнатару Адэскай вобласьці і экс-прэзыдэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі. На думку Пуціна, палітыка пазбавілі ўкраінскага грамадзянства незаконна.
Саакашвілі ў адказ назваў Пуціна «новасьпечаным тролем» і адзначыў, што раней у прэзыдэнта Расеі была зусім іншая пазыцыя адносна ягонага ўкраінскага грамадзянства. «Цяпер гэта ня ваша справа! Мы з украінцамі разьбярэмся самі!» — завяшыў свой адказ Пуціну Саакашвілі.