Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждэпартамэнце ЗША ўшануюць вязьняў Менскага гета


Вязьні менскага гета, 1941. Фота: Bundesarchiv
Вязьні менскага гета, 1941. Фота: Bundesarchiv

У Дзень памяці ахвяр Галакосту, які сёлета пачнуць адзначаць 1 траўня з заходам сонца, у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША будуць успамінаць вязьняў Менскага гета, паведаміў 29 красавіка падчас відэабрыфінгу адмысловы прадстаўнік у пытаньнях Галакосту ў Эўрапейскім і Эўразійскім бюро Дзярждэпартамэнту ЗША Томас Яздгердзі.

«Штогод мой офіс у каардынацыі з офісам па грамадзянскіх правах арганізуе публічныя мерапрыемствы на Ём ха-Шоа, альбо Дзень памяці, — сказаў ён. — Гэту падзею сталі адзначаць ад пачатку 1950-х гадоў у памяць пра шэсьць мільёнаў габрэяў, якія былі забітыя нацыстамі і іх памагатымі. Таксама мы ўспамінаем адважных габрэяў, якія доўгі час супраціўляліся нямецкай арміі».

Мінскае гета, створанае акупацыйнымі сіламі нацыстоўскай Нямеччыны падчас Другой сусьветнай вайны, было ліквідаванае 22 кастрычніка 1943 году. За 825 дзён ягонага існаваньня ў гета загінула каля 100 тысяч чалавек.

«Мінскае гета было адным з найбуйнейшых у акупаванай нацыстамі Эўропе, — адзначыў адмысловы прадстаўнік Яздгердзі. — Больш за 80 тысяч чалавек, якіх утрымлівалі ў невялікай прасторы, былі забітыя, многія — дэпартаваныя. Леташняй восеньню споўнілася 75 гадоў з моманту ліквідацыі гэтага гета. Мы падумалі, што гэтая тэма падыходзіць для Дня памяці ў Дзярждэпартамэнце».

У Дзярждэпартамэнце ЗША прымуць Савелія Каплінскага — вязьня, які выжыў у Менскім гета. «Спадар Каплінскі прыбудзе ў сераду ў Дзярждэпартамэнт, каб расказаць пра сваё жыцьцё ў жудасных умовах гета. Як мы ведаем, яму ўдалося зьбегчы ў лясы і далучыцца да партызанаў, каб змагацца супраць нямецкай арміі», — сказаў Яздгердзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG