Крымскія вытворцы вінаў папярэдзілі пра магчымае прыпыненьне вытворчасьці праз дэфіцыт бутэлек. Прычынай дэфіцыту называюць адмову аднаго з пастаўшчыкоў супрацоўнічаць з крымскімі кампаніямі праз санкцыі. 1 траўня адгрузка бутэлек павінна спыніцца, і вінаробам давядзецца альбо спыніць вытворчасьць на шэсьць-дзевяць месяцаў, альбо тэрмінова шукаць альтэрнатыву.
Бутэлькі для крымскіх вінаробаў пастаўлялі дзьве кампаніі: «Русджам» і «Кавминстекло». Праблемы паўсталі пасьля таго, як у «Кавминстекла» зьмяніўся акцыянэр. Кантроль над гэтай кампаніяй перайшоў да амэрыканскіх акцыянэраў. Новы топ-мэнэджэр кампаніі Александрс Павлаўс паведаміў, што згодна з эканамічнымі санкцыямі, уведзенымі ЗША супраць Крыму, ён спыняе «любое супрацоўніцтва са спажыўцамі бутэлькі, разьмешчанымі ў Крыму».
Санкцыі, уведзеныя пасьля анэксіі Крыму краінамі, якія асудзілі ў ААН дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Украіны, уключаюць, акрамя іншых захадаў, забарону на пастаўку тэхналёгій, тавараў і паслуг у Крым і экспарт прадукцыі, тэхналёгій і паслуг з Крыму.