Ігар Турчыновіч працуе званаром больш за дваццаць гадоў. Каб вызваліць час для любімага занятку, ён пакінуў працу тэлеінжынэра на «Віцязі» і ўладкаваўся ў ахову. Яго першы звон важыў каля шасьці кіляграмаў. Цяпер Ігар звоніць у дабравесьнік вагою болей за пяць тонаў. Гэта найвялікшы звон Віцебску, які вісіць на вежы Ўсьпенскага сабору ў гістарычным цэнтры гораду.
Разам са званаром карэспандэнты Радыё Свабода падняліся на званіцу сьвятыні.
А другой гадзіне мы сустракаемся на пляцоўцы каля Ўсьпенскага сабору. У гэты час тут малалюдна: ранішняя служба ўжо адбылася, вечаровая пачнецца а пятай. Звон павінен прагучаць не раней як за гадзіну перад пачаткам набажэнства.
Ва Ўсьпенскім саборы дзьве званіцы. Кожная — па сорак мэтраў увышыню. Бліжэйшую да Кіраўскага моста называюць «менскай» — званы для яе адлівала сталічнае прадпрыемства «Выдатнае ліццё». Менавіта яны штодзень гучалі падчас будоўлі Ўсьпенскага сабору на месцы храма, узарванага ў 1936 годзе.
«Сьцены асноўнага будынка яшчэ стаялі ў рыштаваньнях, а на адной зь вежаў ужо віселі званы, — узгадвае пачатак 2000-х на Ўсьпенскай гары Ігар. — Нас з калегам Юрам блаславілі званіць на ўсталяваньне крыжоў на купалы. Пасьля — на штодзённы звон ранкам і ўвечары. Гэта было дальнабачным крокам з боку япіскапа. Звон прыцягваў увагу да гістарычнага месца».
Юры Карэнман цяпер працуе званаром у віцебскім Сьвята-Пакроўскім саборы XIX стагоддзя. Ігар застаўся на Ўсьпенцы. Да гэтага ён каля 15 гадоў быў званаром у Сьвята-Георгіеўскай царкве 1996 году пабудовы ў спальным раёне Віцебску.
«У царкве было тры званы: два малыя, кіляграмаў па шэсьць, і адзін большы, — узгадвае Ігар. — Спачатку звон быў просты. Але паступова мы паляпшалі гук. А калі на званіцу павесілі набор — зусім хораша стала!»
Каб стаць званаром, Ігар кінуў працу тэлеінжынэра на «Віцязі». Вызваляючы час для новага занятку, падпрацоўваў дворнікам і вартаўніком.
«Глядзець са сваёй званіцы даводзіцца на Дзьвіну. Рака натхняе»
«Другую званіцу мы называем „маскоўскай“, — запрашаючы наверх, тлумачыць Ігар. — Званы на ёй адлітыя ў звоналіцейнай майстэрні былога заводу „ЗіЛ“ у Маскве. Адсюль і назва».
На вежу вядуць вітыя сходы.
Праз пакладзеныя гарызантальна дзьверы трапляем на адкрытую пляцоўку.
«Ня бойцеся, акрамя мяне і галубоў тут нікога няма», — падбадзёрвае званар. Сапраўды, сьлядоў іх прысутнасьці тут шмат. Унізе — Віцебск, маленькія чалавечкі, Віцьба і Дзьвіна. «Увесну тут вельмі прыгожа, — затрымліваецца каля агароджы Ігар. — Глядзець са сваёй званіцы даводзіцца на Дзьвіну. Рака натхняе».
Прафэсію званара часам называюць рамантычнай. Аднак здараюцца сытуацыі, далёкія ад рамантыкі. Працоўнае месца Ігара яшчэ на некалькі прыступак вышэй. Нават калі ўнізе спакойна, наверсе заўсёды дзьме вецер. «Парывы бываюць надзвычай моцныя. Аднойчы мяне ледзь ня зьдзьмула — я цудам утрымаўся за вяроўку, — прыгадвае выпадак Ігар. — Званіца ўвогуле небясьпечнае месца — можна пасьлізнуцца, стукнуцца галавой аб звон. Тут, як і паўсюль, трэба трымацца тэхнікі бясьпекі, і ўсё будзе добра».
Набор з адзінаццаці званоў на «маскоўскай» вежы зьявіўся ў 2011 годзе. Найбольшы зь іх — двухмэтровы дабравесьнік — важыць крыху больш за пяць тонаў. Сэрца — сто пяць кіляграмаў. У яснае надвор’е ягоны «голас» разносіцца на 30 кілямэтраў.
«Гэта мой улюбёны, — праводзячы рукой па бронзе, адзначае Ігар. — Ён уразіў мяне пасьля першага ўдару. Ён галоўны сярод званоў. Часьцей гучыць у суботы і нядзелі, на Каляды, на Вялікдзень, у іншыя сьвяточныя дні».
Напярэдадні сьвятаў, калі ў будні званы маўчаць, канат, на якім трымаецца сэрца, моцна нацягнуты. Так рэгулююць сілу гуку. Чым меншы размах, тым цішэй гучыць звон. Здараецца, гук прыглушаецца непагадзьдзю, дажджом, туманам. У моцныя маразы — а наверсе яны прабіраюць яшчэ больш — гучна не пазвоніш з аб’ектыўнай прычыны.
«Бронза хутка стыне і ад моцнага ўдару можа раскалоцца альбо пайсьці мікрарасколінамі, — тлумачыць Ігар. — І калі вока ня ўбачыць, дык вуха абавязкова пачуе — гучаньне ўжо будзе ня тое, і звон давядзецца мяняць».
Астатнія званы адпавядаюць галоўнаму.
«Яны цудоўныя ня толькі зьнешне, але і гучаць у адным акордзе, роўна, мілагучна. Разьвесіць і наладзіць званы дапамагала маскоўская акадэмія гуку. Не прычэпісься», — працягвае званар.
Найлепшыя ўмовы для звону — яснае надвор’е. Акустыку ўсьпенскіх званоў паляпшаюць гара, рака ўнізе, вецер, які разносіць гук.
«Часам з Дабравешчанскай царквы скардзяцца, што мы іх званы заглушаем», — усьміхаецца Ігар.
На «менскую» вежу, званы якой саступаюць у мілагучнасьці, Ігар амаль не падымаецца. Затое на ёй добра вучыцца.
«Беражыце вушы, зараз будзе гучна!»
Папярэджвае Ігар і ідзе разьмінацца.
Правая нага націскае на дзьве пэдалі, якія прыводзяць у дзеяньне два меншыя дабравесьнікі. Рукі працуюць з ланцугамі, што вядуць да астатніх званоў. Цяпер вясна, і яны будуць менш мерзнуць, радуецца Ігар.
Празь некалькі хвілін ён зайграе стары растоўскі звон, пасьля прагучыць аўтарская мэлёдыя. У аснове ягонага звону — старыя, павольныя матывы, якія прымушаюць спыніцца і падумаць пра нешта важнае. І абавязкова гучыць нешта сваё. Званар шмат імправізуе і перакананы, што ў ягонай працы павінна быць як мага менш кансэрватызму.
«Я імкнуся зрабіць звон разнастайным. За кошт тэмпу і гучаньня перадаю розны настрой, — кажа ён. — Цяпер вы ведаеце: калі звон кучаравы, зь пералівамі, імправізацыямі, а ня роўны і статычны, — гэта званю я».
Сапраўды, на вежы становіцца вельмі гучна. Нездарма звон раяць слухаць зьнізу, але стаяць не пад самай званіцай.
«Прагрэсіруючая глухата — найвялікшы недахоп прафэсіі, — трошкі гучней, чым толькі што, кажа Ігар. І тлумачыць, чаму працуе без навушнікаў. — У іх не чуваць усіх прыгукаў, абэртонаў. Гэта як слухаць музыку і вушы прыкрываць далонямі. Я ахвярую слыхам. Але пакуль яшчэ чую».
Кожнай царкве пасуе свой звон
Ігар за званара ў дзьвюх віцебскіх сьвятынях. Спачатку запрашае на набажэнства прыхаджан Усьпенскага сабору, пасьля бяжыць ва Ўваскрасенскую царкву. Апошняя разам з касьцёлам Сьвятога Антонія і ратушай калісьці ўтварала ансамбль цэнтральнай віцебскай плошчы.
«Гэта цэнтар гораду, і звон тут вельмі важны», — перакананы званар. Званіць трэба двойчы на дзень — набажэнствы адбываюцца раніцай і ўвечары. Каб мець такую магчымасьць, Ігар уладкаваўся ў ахову.
На яго думку, кожны храм павінен мець ня толькі архітэктурнае аблічча, але і характэрнае гучаньне.
«Я доўга шукаў, як можа гучаць Усьпенскі сабор, — кажа ён. — Некалькі гадоў спрабаваў адзін звон, другі, трэці. Запісваў сябе, праслухоўваў, аналізаваў, пакуль нешта не намацаў. Я зразумеў, што сабор і месца, на якім ён стаіць, маюць даўнюю гісторыю. Таму і звон атрымаўся мужчынскі, важкі, нясьпешны».
Прапорцыі Ўваскрасенскай царквы зграбныя і вытанчаныя. Яна мае хвалісты, маляўнічы сылюэт. «Таму са званіцы павінен гучаць рассыпісты, гульлівы звон», — дадае Ігар.
Сярод мноства разнавіднасьцяў звону, Ігар аддае перавагу сьвяточнаму.
«У ім ёсьць месца фантазіі, — абгрунтоўвае званар. — Што ёсьць звон? Гэта эмоцыі, сьвята. Магчымасьць імправізаваць».
На працягу сямі дзён пасьля Вялікадня вежу Ўсьпенскага сабору адкрываюць для наведнікаў. Але падняцца на званіцу можа ня кожны — толькі той, хто паводзіць сябе прыстойна і беражліва абыходзіцца са званамі.
«Мы дазваляем ахвочым пазваніць, — кажа Ігар. — Але варта ўлічваць, што гэта цэнтар гораду, тут людзі жывуць, якія могуць паскардзіцца на безрытмічны звон. І нэгатыў ідзе на царкву. Таму важна пазьбегнуць какафоніі ў звоне і прытрымлівацца парадаў званара».
Ахвочых заўсёды шмат: на Вялікдзень званы гучаць асабліва ўрачыста і прыцягваюць увагу.
«Тут павінна быць паняцьце, навошта ты туды падняўся»
Ігар наракае, што ў Віцебску шмат цэркваў са званіцамі, а прафэсійных званароў мала. Найчасьцей адказнага за звон прызначае сьвятар.
«У Віцебску звон — на ўзроўні „хтосьці штосьці ведае“. Гэта як займацца ушу па фатаздымках, — тлумачыць сваю пазыцыю Ігар. — Сур’ёзнага стаўленьня і вучобы няма. У Піцеры на званара вучацца чатыры гады. Яны ведаюць гісторыю і віды звону, статут, набажэнствы. Выходзяць са школы сапраўднымі профі».
Пытаньне аб званарскай школе ў Віцебску ўздымалася не аднойчы, але канчаткова так і ня вырашылася. Званарскія курсы пры нядзельнай школе Пакроўскага сабору ладзіў Юры Карэнман. У Ігара таксама былі свае вучні. З 25 чалавек пры званах засталіся адзінкі.
«Калі даведаліся, што праца рутынная, многія сышлі, — паціскае плячыма Ігар. — Штодзень, у сьнег, навальніцу, дождж — трэба ісьці на званіцу. Хтосьці звоніць на конкурсах і фэстах, а хтосьці мэтадычна працуе па шэрых буднях. Цяжкая праца — нязьменнасьць. І віды звону трымаць у галаве трэба. І небясьпеку прафэсія тоіць: слых садзіцца, прастуды чапляюцца. Часам, калі захварэю, першы дзень адпачываю, адсыпаюся. А тры дні не пазвоніш — бяжыш на званіцу як на сустрэчу з каханай».
У любой працы варта быць шчырым, упэўнены Ігар. І неабдумана не ісьці на званіцу: «Тут паняцьце патрэбнае, навошта ты туды падняўся».
У Кацярыны Фрындунбэкавай паняцьце ёсьць. Разам з бацькамі яна прыехала з Санкт-Пецярбургу ў Віцебск да бабулі на вакацыі. У выніку — яны засталіся тут жыць. Тры гады таму ў храме сьв. Сілуана Афонскага, што наведвае яе сям’я, Кацярына пачула пра курсы званароў Юрыя Карэнмана.
«Я даведалася падрабязнасьці і вырашыла паспрабаваць, — расказала дзяўчына. — У нас склаўся выдатны калектыў. Разам мы езьдзілі на конкурсы і фэстывалі званароў. Падарожнічалі па краіне і глядзелі старыя званы, наведвалі сьвятыні. Нам распавядалі пра гісторыю звону і яго асаблівасьці ў розных рэгіёнах».
Разьлічаны на 12 месяцаў курс Кацярына засвоіла за паўгода. Большасьць званароў засталіся пры Пакроўскім саборы. Ігар запрасіў Кацю ва Ўсьпенскі сабор. Яна дапамагае, калі Ігар хварэе альбо суткі працуе. Больш рук заўсёды трэба на сьвяты, каб званіць даўжэй ці забясьпечваць бесьперапынны звон.
«Самае складанае — сумяшчаць вучобу і званарскую справу, — Каця вучыцца на другім курсе музычнага каледжу ў Віцебску па клясе фартэпіяна. — Музычная адукацыя дапамагае. Мне нашмат прасьцей з рытмам».
«Я заўсёды казаў, што найлепшыя званары — тыя, хто займаецца музыкай, — дадае Ігар, які ў школе і шмат гадоў пасьля вучобы граў на ўдарных. — Якія інструмэнты — клявішныя, ударныя, струнныя — не істотна. У музыкаў ёсьць пачуцьцё рытму і імправізацыі. Калі званар зрабіў „пум-пум-бам“ — гэта ня музыка. Як і любы музычны твор, звон патрабуе лягічнай пабудовы: у ім ёсьць пачатак, уласна звон, імпрэсіўная частка, вяртаньне да тэмы».
Такі звон прываблівае ўвагу, заахвочвае зайсьці ў храм.
«Часам спускаесься ўніз, а лесьвіца і парэнчы яшчэ дрыжаць...»
Ад Усьпенскага сабору да Ўваскрасенскай царквы хвілін пяць пешшу. Таму і прамежак паміж звонамі выходзіць кароткі.
«Кожная званіца па-свойму ўнікальная, — кажа Ігар. — На гэтай званы зборныя. Асноўны набор складаюць сямёра, адлітыя ў Беларусі. Па гукарадзе яны вісяць няўдала, таму гучаць своеасабліва. Калі набор не наладжаны, гучаньня ўжо ня выправіш». Зрэшты, пачуць гэта ў стане толькі прафэсійны званар.
Ёсьць сярод званоў адзін са зьнішчанай выявай сьвятога, імя якога канула ў вечнасьць, ёсьць — каталіцкі. Так сталася, што ён быў адным з трох, на якіх пачынаў званіць Ігар у Георгіеўскай царкве. Пасьля яго перавесілі ва Ўваскрасенскую. «Уяўляеце, якая сустрэча, — усьміхаецца званар. — Калі я прыйшоў сюды і ўбачыў яго, сказаў: „Вітаю, мой родны, я ж цябе ведаю. Званіў у цябе“».
Калі звон сьціхае, пэўны час у паветры застаюцца вібрацыі. Гэта асабліва заўважна на малой пляцоўцы званіцы Ўваскрасенскай царквы.
«Званам характэрны такі гукавы эпілёг, — тлумачыць Ігар. — Добраму звону ўласьцівае даволі працяглае пасьлягучча. Часам спускаесься ўніз, а лесьвіца і парэнчы яшчэ дрыжаць — гэта звон дэманструе сваю моц».