Нямецкая кампанія Daimler, якая вырабляе панцырныя лімузіны, ня мае інфармацыі, адкуль у лідэра Паўночнай Карэі аўтамабілі яе вытворчасьці, паведамляюць заходнія СМІ.
Кім Чэн Ын зьдзівіў сваімі лімузінамі на некалькіх сустрэчах вышэйшага палітычнага ўзроўню, у тым ліку на саміце з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на гэтым тыдні і на папярэдніх сустрэчах з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Продаж тавараў раскошы, якімі лічацца і лімузіны, у Паўночную Карэю забаронены санкцыямі ЗША. Гэта адзін з захадаў дзеля таго, каб прымусіць Пхэньян адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы.
Тым ня менш, паводле журналістаў, на чыгуначнай станцыі ў расейскім Уладзівастоку Кім Чэн Ына чакалі два лімузіны — Mercedes Maybach S600 Pullman Guard і Mercedes Maybach S62.
«Мы ня маем ніякай думкі пра тое, як гэтыя транспартныя сродкі трапілі ў Паўночную Карэю. Для Daimler карэктны экспарт нашай прадукцыі адпаведна законам ёсьць асноватворным прынцыпам адказнай бізнэс-дзейнасьці», — заявіла прэсавая сакратарка Daimler Зыльке Мокерт ў пісьмовым адказе на запыт Associated Press.
Daimler — адзін з найбуйнейшых і найбольш прэстыжных аўтавытворцаў у сьвеце. Аднак Паўночнай Карэі няма сярод афіцыйных пакупнікоў.
«Наша кампанія ня мае бізнэс-сувязяў з Паўночнай Карэяй больш за 15 гадоў і строга прытрымліваецца эмбарга Эўразьвязу і ЗША. Каб прадухіліць пастаўкі ў Паўночную Карэю і кожную зь яе амбасадаў па ўсім сьвеце, Daimler увёў ўсёабдымны працэс кантролю экспарту. Продажы аўтамабіляў трэцімі бакамі, асабліва ўжываных, па-за нашым кантролем і адказнасьцю», — сьцьвярджае Мокерт.