Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава ў жывым эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» заявіла, што пытаньне спыненьня паўнамоцтваў расейскага амбасадара ў Беларусі Міхаіла Бабіча ляжыць па-за кампэтэнцыяй міністэрства.
«Пазыцыя МЗС такая: спадар Бабіч зьяўляецца расейскім амбасадарам у Рэспубліцы Беларусь, пытаньне яго адкліканьня і перамяшчэньня — пытаньне кампэтэнцыі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі», — адзначыла яна.
Марыя Захарава таксама заявіла, што ў расейскім МЗС ня бачаць нічога «непрадказальнага» ў абвастрэньні сытуацыі вакол амбасадара ў Беларусі.
«Я ня бачу ў паводзінах МЗС Беларусі нічога непрадказальнага. У мяне адчуваньне, што я назіраю за сярэдзінай 90-х гадоў», — сказала яна.
На днях расейскі тэлеграм-канал «Кремлевский мамковед» напісаў са спасылкай на крыніцы ў пуцінскай адміністрацыі, што амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч у хуткім часе пакіне сваю пасаду.
МЗС Беларусі ў красавіку 2019 году абвінаваціў амбасадара Бабіча ў спробе разбурыць дружалюбныя адносіны дзьвюх краін.