Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэ-факта сталі расейцамі». У Расеі патлумачылі, чаму пачалі выдаваць свае пашпарты на Данбасе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рашэньне выдаваць пашпарты Расейскай Фэдэрацыі жыхарам тэрыторыяў украінскага Данбасу, якія кантралююць «прарасейскія сэпаратысты», звязаная з тым, што яны «дэ-факта сталі расейцамі», перадае «Настоящее время» заяву афіцыйнай прадстаўніцы Міністэрства замежных справаў Расеі Марыі Захаравай.

Паводле Захаравай, яна праводзіла шмат сустрэчаў зь перасяленцамі з Данбасу, і «кожны раз чула папрокі на адрас Расеі, што відавочная неабходнасьць падтрымаць нашых людзей, якія дэ-факта сталі жыхарамі нашай краіны – яны ня бачаць нічога з боку Расейскай Фэдэрацыі».

24 красавіка Ўладзімер Пуцін падпісаў указ, паводле якога жыхары тэрыторыяў, кантраляваных баевікамі «ДНР» і «ЛНР», змогуць у спрошчаным парадку атрымліваць грамадзянства Расеі. У групоўцы «ДНР» вырашылі ўвесьці «спрошчаны мэханізм перасячэньня мяжы на пунктах пропуску з РФ з мэтай цэнтралізаванай дастаўкі грамадзян для атрыманьня грамадзянства РФ».

Дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і новаабраны прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі адмоўна адрэагавалі на ініцыятыву Пуціна: першы сказаў, гэта «спроба апраўдаць і легітымізаваць вайсковую прысутнасьць Расеі на акупаванай частцы ўкраінскага Данбасу». Каманда Зяленскага заявіла, што Расея фактычна «прызнала сваю адказнасьць як краіны-акупанта».

ЗША скрытыкавалі ініцыятыву як «вельмі правакацыйную акцыю, якой Расея ўзмацняе сваю атаку на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны».

Два гады таму, 18 лютага 2017 году Пуцін падпісаў указ аб прызнаньні расейскімі ўладамі дакумэнтаў, выдадзеных грамадзянам Украіны і асобам без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыях, кантраляваных «ДНР» і «ЛНР». У Крамлі заяўлялі, што прызнаньне Расеяй гэтых пашпартоў не парушае міжнароднага права, называлі гэта «вымушанай гуманітарнай акцыяй».

У Беларусі дакумэнты «ДНР» і «ЛНР» несапраўдныя, але ці будуць прызнавацца расейскія пашпарты, выдадзеныя грамадзянам Украіны на Данбасе, пакуль не паведамлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG