Традыцыя ставіць у паселішчах драўляныя (а пазьней і мэталічныя) крыжы прыйшла на тэрыторыю Беларусі разам з хрысьціянствам. Паступова ў кожным рэгіёне ўсталявалася свая традыцыя аздабленьня і разьмяшчэньня гэтага хрысьціянскага сымбалю. У падарожжы па поўдні Пінскага раёну на пачатку красавіка 2019 году карэспандэнты Свабоды сабралі калекцыю зь некалькіх дзясяткаў здымкаў своеасаблівым чынам упрыгожаных крыжоў. Падобны стыль аздабленьня трапляўся толькі на поўдзень ад ракі Піны. На поўнач ад яе стыль упрыгожваньня зьмяняецца.
«Мы самі штогод упрыгожваем крыжы, — расказала Свабодзе стараста вёскі Семехавічы Антаніна Чугай. — Скідваемся па 10 рублёў, хто колькі можа, набываем стужкі, кветкі, ручнікі і ўпрыгожваем. У нас тут тры крыжы ў вёсцы. Адзін у цэнтры, і два — на ўезьдзе і на выезьдзе. Цяпер, праўда, у вёску толькі адна новая дарога вядзе, старыя не выкарыстоўваюцца зусім. Аднак мы тыя крыжы ўсё адно ўпрыгожваем».
Жыхары Семехавічаў аздабляюць стужкамі і ручнікамі ня толькі крыжы. Карэспандэнты Свабоды сталі сьведкамі таго, як мясцовыя жанчыны талакой упрыгожвалі магілу невядомага салдата, які загінуў у часы Другой Усясьветнай вайны. На агароджу магілы яны вешалі тыя ж стужкі, што і на крыж у цэнтры вёскі. Мінулагоднія ўпрыгожваньні пры гэтым старанна зьбіраюцца ў пакет.
«Крыж у цэнтры вёскі мы ня толькі ўпрыгожваем, — расказвае Антаніна Чугай. — Два гады таму мы ля яго паставілі лаўкі са сталамі і цяпер сьвяткуем тут усе разам нашыя сьвяты. Вялікдзень таксама. У царкву нам далёка (да бліжэйшай царквы ад Семехавічаў 25 км. — РС), то мы тут зьбіраемся, каля крыжа».
На просьбу Свабоды пра палескую традыцыю ўпрыгожваньня крыжоў у вёсках расказала Вольга Лабачэўская, доктар мастацтвазнаўства, экспэрт у сфэры народнага мастацтва і традыцый, прафэсар катэдры этналёгіі і фальклёру Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва.
«Тое, што людзі павязваюць каляровыя стужкі, нават на плот вакол крыжа, гэта ўжо сучасная рэч, — кажа Вольга Лабачэўская. — Яркія стужкі, ня вышываныя, а набіваныя ручнікі, штучныя кветкі — усё гэта прыйшло на зьмену больш традыцыйным спосабам упрыгожваньня».
«На Палесьсі крыжы ўпрыгожваюць больш маляўніча, чым у іншых раёнах Беларусі, — кажа экспэрт. — Тое, што я бачу на вашых здымках, гэта яшчэ ня самыя яскравыя прыклады. Ёсьць рэгіёны, дзе крыжы перад сьвятамі ўпрыгожваюць яшчэ больш традыцыйна. Цалкам абкручваюць крыж ручнікамі, агароджы аздабляюць ня стужкамі, а хусткамі».
«Увогуле традыцыя ўпрыгожваньня крыжоў зьвязаная з аброчнай традыцыяй, — расказвае Вольга Лабачэўская. — Калі жанчыны нібы сплачваюць аброк, прыносяць тканіну свайго ўласнага вырабу. Цяпер ужо прыносяць куплёныя ручнікі, куплёныя стужкі, куплёныя хусткі. Але гэта ўсё адно застаецца ня толькі аздабленьнем, але і традыцыяй аброку. Людзі прыносяць крыжу свой падарунак, моляцца Богу. Гэта ўсё зьвязанае з традыцыяй аброку».
«У ранейшыя часы для ўпрыгожваньня крыжоў выкарыстоўвалі ўласныя вырабы, — кажа экспэрт. — Ручнікі саматканыя, хатнія тканіны, фартухі маглі павесіць жаночыя. Нават ужываныя, ня толькі новыя. Чым бліжэй да нашага часу, тым больш аздабляюць крыжы. Традыцыя аброку захоўваецца, але нясуць да крыжоў іншае. Куплёныя тканіны, а не самаробныя. Стужкі куплёныя».
«Упрыгожваць крыжы могуць ня толькі да Вялікадня, — гаворыць Вольга Лабачэўская. — Жанчына можа проста прыйсьці да крыжа, прынесьці нешта, памаліцца Богу ля яго, папрасіць пра штосьці».
«Крыжы ў Беларусі аздабляюць паўсюль, — расказвае экспэрт. — Калі вы праедзеце па Беларусі, то пабачыце, што ўпрыгожаныя нават каталіцкія крыжы. На іх стужкі будуць, альбо вяночкі, альбо кветачкі. Крыжы голыя не стаяць. Хіба толькі царква паставіла, васьміканцовы».
«Крыж — гэта ня проста крыж, гэта знак, мэдыятар паміж чалавекам і Богам, — гаворыць Вольга Лабачэўская. — Да крыжа прыходзяць як да сакральнага месца. Калі чалавек нешта просіць, моліцца, ён павінен нешта пакінуць. Узаемаадносіны традыцыйныя, трэба аддзячыць неяк, нешта даць, падарыць. Гэта вельмі старадаўняя традыцыя».
«Палесьсе — гэта зона, дзе захавалася найбольш традыцый, — расказвае экспэрт. — Спалучыліся хрысьціянскія традыцыі з больш глыбіннымі. Але нельга сказаць, што ўпрыгожваньне крыжа — гэта паганства. На Палесьсі вельмі набожныя вёскі, там жывуць веруючыя людзі. Вера там ніколі не зьнікала, але яна спалучаецца з народнымі вераваньнямі».
«На ўезьдзе ў вёску крыжы ставяць ня проста так, гэта яшчэ і знак аховы, — тлумачыць экспэрт. — Уваход, выхад зь вёскі абараняюць крыжам. А цэнтар, скрыжаваньне дарог, — гэта таксама асаблівае месца. Небясьпечнае, важнае. Гэта паўсюль так, але на Палесьсі амаль абавязкова. У іншых рэгіёнах Беларусі можа цяпер адзін крыж стаяць, а на Палесьсі — амаль заўсёды тры».