Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» узяла на сябе адказнасьць за выбухі, у выніку якіх загінулі больш за 300 чалавек у Шры-Ланцы, паведамляе Reuters.
У заяве, якую распаўсюдзіла прапагандысцкае агенцтва «Ісламскай дзяржавы» Amaq, групоўка заявіла, што мэтай тэракту былі хрысьціяне і грамадзяне краінаў, якія бамбілі іх тэрыторыі.
Фармулёўка гэтай заявы падобная падобная на папярэднія, калі тэракты рабілі групоўкі, натхнёныя «Ісламскай дзяржавай», але тэракты не былі непасрэдна сплянаваныя гэтай групоўкай.
У заяве не зьмяшчаецца ніякай дадатковай інфармацыі або доказаў, піша брытанскае выданьне Іndependent.
Па дадзеных уладаў Шры-Ланкі, непасрэдна выбухі зьдзяйсьнялі ўдзельнікі двух мясцовых ісламісцкіх груповак.
Улады мяркуюць, што напады былі помстай за напад ультраправага актывіста на мячэці ў новазэляндзкім Крайстчэрчы ў сакавіку, у выніку якіх загінулі 50 чалавек.
Выбухі ў трох цэрквах і трох гатэлях на Шры-Ланцы адбыліся раніцай 21 красавіка, падчас сьвяткаваньня Вялікадня. Яшчэ два напады былі зьдзейсьненыя празь некалькі гадзін. Па дадзеных сьледзтва, як найменей шэсьць з васьмі выбухаў ажыцьцявілі сьмяротнікі.