Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шры-Ланка: загінулых ужо больш за 300, параненых каля паўтысячы


Наступствы выбуху ў адной з цэркваў Шры-Ланкі, 22 красавіка 2019 году
Наступствы выбуху ў адной з цэркваў Шры-Ланкі, 22 красавіка 2019 году

Паліцыя Шры-Ланкі абнавіла дадзеныя аб колькасьці ахвяраў сэрыі выбухаў, якія адбыліся ў краіне на Вялікдзень паводле грыгарыянскага календара. Згодна з апошнімі зьвесткамі, загінулі сама меней 310 чалавек, каля 500 атрымалі раненьні.

Таксама паліцыя паведаміла, што 40 чалавек арыштаваныя ў сувязі з выбухамі ў сталіцы краіны Каломба і навакольных населеных пунктах 21 красавіка. Раней гаворка ішла пра 24 затрыманых.

Улады Шры-Ланкі абвясьцілі 23 красавіка днём жалобы.

Таксама ў краіне абвешчанае надзвычайнае становішча, дзеяньне гэтага рэжыму пачалося апоўначы 23 красавіка. Гэта дае паўнамоцтвы паліцыі і вайскоўцам затрымліваць і дапытваць падазраваных без рашэньня суду. У офісе прэзыдэнта паведамілі, што ён будзе прасіць міжнароднай падтрымкі для адсочваньня магчымых замежных сувязяў нападнікаў.

Пакуль ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за выбухі 21 красавіка. Але ва ўрадзе Шры-Ланкі ўсклалі адказнасьць за шэраг учорашніх выбухаў на мясцовую радыкальную ісламісцкую групу «Джамаат ат-Таухіт». Прынамсі 6 з 8 выбухаў, якія адбыліся ў нядзелю ў Шры-Ланцы, зьдзейсьнілі сьмяротнікі. Такія папярэднія дадзеныя расьсьледаваньня, паведамляе агенцтва Reuters.

Акрамя таго, ва ўрадзе паведамілі, што паліцыя мела інфармацыю пра магчымыя напады на цэрквы, але не змагла іх прадухіліць. Паводле дадзеных агенцтва AFP, у пачатку красавіка замежная выведка папярэджвала ўлады Шры-Ланкі аб падрыхтоўцы ісламістамі сэрыі тэрактаў.

21 красавіка — у дзень, калі хрысьціяне заходніх абрадаў сьвяткуюць Вялікдзень, — у Шры-Ланцы адбыліся восем выбухаў. Чатыры зь іх — у гатэлях, тры — у каталіцкіх храмах, падрабязнасьці пра яшчэ адзін выбух не вядомыя. Большая частка выбухаў адбылася ў сталіцы краіны — Каломба, аднак пацярпелі і храмы ў іншых гарадах — Нэгомба на поўнач ад сталіцы і Батыкалоа на ўсходнім узьбярэжжы.

Яшчэ адна бомба выбухнула 22 красавіка падчас разьмініраваньня грузавіка каля царквы ў Каломба.

Гэта найбуйнейшы напад у Шры-Ланцы з часу заканчэньня грамадзянскай вайны 10 гадоў таму.

Паводле дадзеных паліцыі, сярод загінулых — 35 замежнікаў, у тым ліку грамадзяне ЗША, Вялікай Брытаніі, Кітаю, Нідэрляндаў, Партугаліі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG