Беларуская нафтавая кампанія (БНК) істотна пашырыла вытворчасьць рэактыўнага паліва, якое вырабляецца на наваполацкім «Нафтане».
Пра гэта заявіў намесьнік гендырэктара БНК Сяргей Грыб.
Паводле яго, прыкладна 60% усіх самалётаў, якія вылятаюць з аэрапорта Вільні, запраўленыя беларускім палівам. Таксама ідзе актыўнае засваеньне гэтага рынку ў Эстоніі. Кампанія мае даччыныя структуры ў Вялікай Брытаніі, Латвіі і Польшчы.
Сяргей Грыб патлумачыў, чаму Беларусі выгадна прадаваць у Эўразьвяз дызэльнае паліва, але не бэнзін.
«Справа ў тым, што Эўропе не хапае дызэльнага паліва, таму беларусы пастаўляюць яго туды бяз мыта. А вось бэнзіну ў краінах Эўразьвязу дастаткова, адпаведна, гэтае паліва абкладаецца мытам», — адзначыў Сяргей Грыб.
Ён сказаў, што цяпер разглядаюцца іншыя варыянты паставак беларускага бэнзіну, у прыватнасці гэта тычыцца дзяржаў Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі.
Цяпер асноўны продаж беларускіх вырабаў з нафты прыпадае на Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі. Пачынаюць асвойвацца рынкі Славаччыны і Чэхіі.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт»
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту