У менскім культурным цэнтры «Корпус» 29 красавіка адбудзецца паказ спэктаклю «Гэтамы» па кнізе Андрэя Горвата «Радзіва „Прудок“» — той, паводле якой раней ставілі спэктакль у Купалаўскім тэатры, пра пастаноўку якога Горват напісаў кнігу «Прэм’ера».
Спэктакль пакажуць двойчы за дзень 29 красавіка, пачатак а 18.00 і а 20.30. У канцы сакавіка «Гэтамы» паказалі на фэстывалі ў Магілёве і ў Менску «для сваіх». Цяпер паказы ладзяцца для ўсіх, квіткі па 15 рублёў ужо ў продажы праз інтэрнэт.
Новую пастаноўку робіць украінскі рэжысэр – мастацкі кіраўнік Кіеўскага тэатру на левым беразе Дняпра Стас Жыркоў. Ролі выконваюць маладыя беларускія акторы розных тэатраў: Андрэй Новік, Дар’я Новік, Зьміцер Давідовіч, Мікалай Стонька, Васіль Бойдак, Антон Жукаў, Ільля Ясінскі.
Арганізатары падкрэсьліваюць, што «Гэтамы» —іншае прачытаньне кнігі «Радзіва „Прудок“». Як сьцьвярджаецца, «больш эмацыйнае і дынамічнае, ажно да крыку, больш акцэнтаванае на тое, што Горват і ягоныя героі — гэта ўсе мы».
Кніга «Радзіва „Прудок“» — нататкі пісьменьніка, які працаваў дворнікам у Купалаўскім, але вырашыў зьехаць на малую радзіму на Палесьсе. Спачатку Андрусь Горват публікаваў іх «у рэальным часе» на Facebook, затым выдаў на паперы. За кнігу ён атрымаў прэміі «Дэбют» і «Залатая літара». У Купалаўскім тэатры тым часам працягваюцца паказы спэктаклю «Радзіва „Прудок“». Найбліжэйшыя — 4 і 5 траўня.